Апошняе

Гендарны разрыў у заработнай плаце

Жанчыны ўсё яшчэ зарабляюць значна менш за мужчын, нягледзячы на дзесяцігоддзі дзеяння законаў, якія ўраўноўваюць заработныя платы. Чаму?

“Я ЗАЎСЁДЫ хацела быць мамай”, – кажа Мэган, брытанка з двума дзецьмі. Таксама яна марыла пабудаваць кар’еру і дбайна працавала дзеля гэтага: атрымала дыплом па эканоміцы і бухгалтарскай справе і здала прафесійныя іспыты. У буйной бухгалтарскай фірме ў Лондане яна кіравала маладымі работнікамі. Калі нарадзілася яе дачка, Мэган прыйшлося рабіць выбар паміж кар’ерай і мацярынствам, а быць маці ёй заўсёды хацелася. Калі начальнік адмовіў ёй у магчымасці працаваць па гібкім графіку, яна звольнілася. Праз шэсць год яна стала няняй, атрымліваючы толькі малую частку сваёй ранейшай заработнай платы. Разведзеная, яна кажа, што займаць высокую пасаду ў галіне бухгалтарскай справы было б лепей для фінансавага становішча сям’і, але знайсці такую, быўшы маці-адзіночкай, здаецца немагчымым.

Гісторыі накшталт гэтай скіроўваюць на ўплыў такой з’явы, як “расплата за мацярынства”, на кар’еру жанчын. Гэта галоўная прычына, чаму адрозненне паміж заработнай платай мужчын і жанчын у багатых краінах болей не памяншаецца. Наймальнікі ўспрымаюць шматгадзінную працу як паказчык адказнасці і праяўленне кіраўніцкіх якасцей. Але нястача дашкольных устаноў, высокі кошт іх паслуг і кароткі вучэбны дзень у школах сведчаць пра тое, што свет падладжаны пад сем’і з адным бацьком, які мусіць знаходзіцца дома, і звычайна яго ролю выконвае жанчына.

У багатых краінах і краінах з сярэднім прыбыткам, якія ўтвараюць АЭСР (Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця) медыянная заработная плата жанчыны з поўнай занятасцю складае 85% аналагічнай у мужчын. Многія памылкова прымаюць за прычыну тое, што работадаўца заплаціў б мужчыну на той самай пасадзе больш, чым жанчыне. Даныя 25 краін, сабраныя кансультантам Корнам Фэры, паказваюць, што 98% жанчын зарабляюць столькі ж, колькі мужчыны, выконваючы адну і тую ж працу для аднаго і таго ж работадаўца. Сапраўдная прычына складаецца з дзвюх частак. Колькасць жанчын пераважае над колькасцю мужчын у прафесіях з ніжэйшай заработнай платай і меншым шансам прасоўвання. Доля мужчын і жанчын у разнастайных відах дзейнасці і ў прамысловасці адрозніваецца; там, дзе пераважаюць жанчыны, плацяць менш.

Толькі пятая частка топ-менеджэраў краін Вялікай сямёркі – жанчыны. У Еўрапейскім саюзе супервайзеры найчасцей мужчынскага полу, нават калі большасць з іх падначаленых – жаночага. Прыблізна 70% занятых жанчын у ЕС працуюць у месцах, дзе работнікаў жаночага полу не менш за 60%. У Амерыцы не менш як 80% прадстаўнікоў наступных чатырох прафесій – настаўнік, медсястра, сакратар і медыцынскі супрацоўнік – жанчыны.

Прафесіі, у якіх колькасна пераважаюць жанчыны, маюць ніжэйшы статус і ніжэйшую аплату. Настаўнікі пачатковай школы ў краінах АЭСР атрымліваюць 81% сярэдняга заробку выпускнікоў. Медсёстры зарабляюць менш за афіцэраў паліцыі; прыбіральшчыцы – менш за вартаўнікоў. Ніжэйшы заробак жанчын мае на ўвазе тое, што пасля разводу або аўдавення яны часта жывуць у бядноце. Зрухі ў палавым складзе работнікаў могуць ствараць цяжкасці і для фірм, і для грамадства. BHP Billiton, горназдабыўная кампанія, выявіла, што падчас будоўлі з удзелам вялікай колькасці жанчын на пляцоўцы назіраецца вышэйшы ўзровень бяспекі. Малаверагодна, што ўзброеныя сілы з пераважна мужчынскім складам і службы медсясцёр з жаночым маюць усе неабходныя навыкі для працы з ахвярамі злачынстваў і пацыентамі супрацьлеглага полу.  Адна тэорыя пра тое, чаму ў школе хлопчыкі вучацца горш за дзяўчат, палягае ў нястачы мужчыны, які мог быць акадэмічным прыкладам для пераймання.

Аплата працы паводле полу магла б стаць менш няроўнай, калі б мужчыны пачалі займацца справамі, якімі ў большай ступені занятыя жанчыны, і наадварот. Аднак у Амерыцы падобная прафесійная інтэграцыя спынілася каля двух дзесяцігоддзяў таму пасля больш як дваццаці год бурнай актыўнасці. Даследаванні, праведзеныя ў 12 краінах Еўропы, вывелі, што ў перыяд з 1995 па 2010 год доля супрацоўнікаў-жанын у большасці галін дзейнасці змянілася мала. Падобная сітуацыя таксама назіралася ў Аўстраліі.

 

Дзве дарогі разыходзяцца

Мужчыны і жанчыны вольныя вывучаць тое, што ім хочацца, і дыскрымінацыя ў працоўнай сферы была забаронена на працягу дзесяцігоддзяў. Але ёсць нямала доказаў наяўнасці працоўнай сегрэгацыі, і адрозныя кар’ерныя шляхі мужчын і жанчын нельга патлумачыць інакш як адданнем камусьці з іх перавагі.

У працэсе даследавання ў Канадзе было праведзена параўнанне рэакцыі на рэкламу адной працы з выкарыстаннем стэрэатыпна маскулінных паняццяў (лідар, саперніцтва і г.д.) і тыпова фемінінных (такіх, як падтрымка, міжасобасны, узаемаразуменне). Жанчыны знайшлі “маскулінныя” працы менш прывабнымі, але не таму, што не лічылі сябе здольнымі да іх выканання: яны ўспрынялі словы як сігнал дамінавання мужчын на дадзенай працы, што выклікала ў іх дыскамфорт.

Стэрэатыпы, якія адгаворваюць мужчын ад так званых “жаночых” прац, меней укаранелыя. Флорэнс Найцінгейл, якая зацвердзіла стандарты сучаснай дзейнасці медсясцёр у 1890-я гады, меркавала, што “жорсткія і грубыя” рукі мужчын робяць іх непрыдатнымі для гэтай працы, “якімі б добрымі ні былі іх сэрцы”. Некаторыя амерыканскія школы медсясцёр пачалі прымаць мужчын толькі ў 1981 годзе пасля адпаведнага рашэння Вярхоўнага суда.

Мноства праграм і кампаній заклікаюць дзяўчат займацца навукай і інжынернай справай, і цяпер яны маюць багата ралявых мадэлей. Але праграм, якія б заахвочвалі хлопцаў рабіцца настаўнікамі або медбратамі, па-ранейшаму значна менш. Мужчыны, якія становяцца медбратамі, часта выпадкова трапляюць на гэтую працу. Марыус Малма, шпіталь Ставангерскага ўніверсітэта, тлумачыць: калі ў маладога чалавека не атрымліваецца паступіць у паліцэйскую акадэмію, яму раяць стаць медбратам – маўляў, там вывучаюцца тыя самыя “чалавечыя дысцыпліны”. Ён вырашыў паслухацца гэтай парады за год да паўторнай спробы паступлення ў паліцэйскую акадэмію, але медыцына прыйшлася яму даспадобы, і ён застаўся. Ён кажа, што любіць рэанімацыю і аперацыйную, таму што гэта “месцы, дзе адбываюцца ўсе падзеі”.

Ні выбар галіны дзейнасці, ні нястача амбіцый не могуць патлумачыць, чаму доля жанчын памяншаецца па меры таго, як ідзе ўгору кар’ерная лесвіца, нават у галінах, дзе жанчыны колькасна пераважаюць. Адсотак пасад у бізнесе і менеджменце, занятых жанчынамі, істотна павялічыўся, але доля жанчын-кіраўнікоў і жанчын, якія займаюць высокія пасады, не змянілася. З 2000-га года ў Амерыцы каля паловы пасведчанняў аб вышэйшай адукацыі ў галіне бізнесу былі ўручаныя жанчынам, але сярод пяці кіраўнікоў вышэйшага рангу жанчынай усё яшчэ з’яўляецца толькі адзін.

Раней жанчынам не было ўласціва прасіць павышэння. Цяпер гэта не так: даследаванне МакКінсі ў 2016 годзе выявіла, што жанчыны ў дзелавой Амерыцы пытаюцца пра яго ў роўнай ступені з мужчынамі. Таксама яно паказала, што жанчын і мужчын павышаюць у аднолькавай ступені, акрамя ніжэйшых пасад, дзе жанчыны застаюцца ззаду. Магчымая прычына зводзіцца да таго, што менеджары неахвотна павышаюць жанчын, якія пачынаюць абзаводзіцца сям’ёй або мусяць пачаць гэта рабіць у хуткім часе.

Здараецца так, што магчымасць атрымаць першае павышэнне нярэдка супадае з жаданнем стварыць сям’ю. Даныя з Вялікабрытаніі паказваюць, што ўзрост, у якім заработная плата жанчын пачынае саступаць заробку мужчын, набліжаны да ўзросту, калі яны найчасцей нараджаюць першае дзіця (гл. схему). Клаўдыя Голдын з Гарвардскага ўніверсітэта назірала адпаведную сітуацыю ў амерыканак з вышэйшай адукацыяй.

Даследаванне, праведзенае сёлета раней у Амерыцы, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і скандынаўскіх краінах часопісам The Economist і цэнтрам вывучэння грамадскай думкі YouGov, змерала ўплыў дзяцей на працоўныя гадзіны. 44-75% жанчын з дзецьмі дома сказалі, што пасля станаўлення маці ім прыйшлося скарачаць працоўны дзень або шукаць працу з меншымі патрабаваннямі, напрыклад тымі, што датычаць камандзіровак і звышурочных. Толькі 13-37% бацькаў адказалі такім чынам, і больш за палову з іх сказалі, што іх партнёр таксама быў вымушаны паменшыць нагрузку.

Калі жанчыны аддаюць перавагу дагляданню малых дзяцей, яны адстаюць. Нядаўняе амерыканскае даследаванне прадставіла “расплату за мацярынства” – сярэднюю велічыню, паводле якой паніжаецца будучая заработная плата жанчыны – як 4% за дзіця, вылучыўшы найбольш спрактыкаваных белых жанчын з высокай заработнай платай: для іх гэты паказчык складае 10%.

Некаторыя маладыя маці пакідаюць працу з прычыны таго, што расставілі прыярытэты на карысць дзяцей, але крытыкуюцца і яны. У многіх краінах прынята лічыць, што занятасць маці шкодзіць дзецям дашкольнага ўзросту. Немцы клічуць занятых маці малых дзяцей словам Rabenmutter (маці-крумкачыха). Калі Ганна, акадэмік з Берліна, пачала зноў працаваць поўны дзень, яе дзевяцімесячная дачка была самым малым  дзіцём у яслях-садзе за ўвесь час яго існавання. “Яны не маглі прыдумаць, што з ёй рабіць”, – кажа яна. Паводле бацькі, яго цешча ўпэўнена, што карыстанне паслугамі дашкольных устаноў ператварае іх у “драг-дылераў”.

Нярэдка высокі кошт паслуг дашкольных устаноў робіць рашэнне пакінуць працу вымушаным. У Амерыцы ён дасягае 85% кошту сярэдняй арэнднай платы. Нават маючы субсідыі, маці часта працуюць няпоўны дзень, таму што заняткі ў школах канчаюцца задоўга да заканчэння працоўнага дня. Але падобныя працы найчасцей ставяць кар’ернае развіццё ў тупік.

Многія жанчыны пераключаюцца на працы, якія не патрабуюць спецыяльнай адукацыі і вопыту. Каля траціны занятых жанчын Вялікабрытаніі кажуць, што яны атрымлівалі дадатковую кваліфікацыю для сваёй працы. Мужчын з такім вопытам меней за чвэрць. У Амерыцы толькі 15% жанчын з вучонай ступенню па навуцы і інжынерыі – у такіх спецыялістах назіраўся дэфіцыт, – у 2011 годзе былі ўладкаваныя па спецыяльнасці, параўноўваючы з 31% мужчын. І каля пятай часткі не былі ўладкаваныя па працу зусім – гэта ў два разы перавышае колькасць мужчын у аналагічным становішчы.

Тое, што менавіта маці найчасцей ахвяруе працай дзеля выхавання дзіцяці, можа тлумачыцца тым, што, займаючы адну і тую ж пасаду, мужчына зарабляе больш за жанчыну. Аднак гэта не адзінае тлумачэнне. Пасада маладога бацькі, як правіла, вышэй за пасаду маці з той простай прычыны, што жонка звычайна маладзейшая за мужа.

Скажонае ўспрыманне хатніх абавязкаў таксама грае сваю ролю. Хаця мужчыны даглядаюць дзяцей больш пільна за іх уласных бацькаў, наша даследаванне дае падставы меркаваць, што яны могуць пераацэньваць гэтае адрозненне (гл. артыкул). Яны могуць не асэнсоўваць, наколькі мацярынства шкодзіць кар’еры іх партнёраў. Мужчыны, якія не абмяжоўваюцца зменай падгузнікаў і падвозам дзяцей да школы, могуць быць перакананыя ў надзвычайнасці сваёй ролі ў іх выхаванні. Цім Рутэрфорд-Джонсан, брытанец, які даглядаў дзяцей бесперапынна, пакуль яны былі малыя, кажа, што на дзіцячай пляцоўцы ён быў вымушаны адразу ж прадстаўляцца гаспадаром дома: яму здавалася, што над яго галавой вісеў вялікі пытальнік.

Палітыка дзяржавы таксама адыгрывае сваю ролю ў размежаванні хатніх абавязкаў і працы паміж мужчынамі і жанчынамі. Паводле яе не толькі павышаюцца ці паніжаюцца заработныя платы жанчын: паводле яе і ў мужчын, і ў жанчын фарміруюцца пэўныя чаканні ў дачыненні да ўласнай працы і працы партнёра, а ў кампаній – уяўленне пра тое, каго наймаць і прасоўваць.

У многіх краінах на працягу дзесяцігоддзяў водпуск па доглядзе дзіцяці быў платны. Калі гэта адбываецца год ці меней, павялічваецца жаночая занятасць. У Амерыцы, адзінай багатай краіне без унармаванага наймення водпуску па доглядзе дзіцяці, чвэрць жанчын вяртаюцца на працу праз дзесяць дзён пасля родаў. Але многія не вяртаюцца зусім, бо не гатовыя аддаваць дзіця ў спецыяльныя ўстановы або праз кошт водпуску, які складае амаль усю іх заработную плату.

“Калі водпуск па доглядзе дзіцяці доўжыцца больш за год, скарачаецца агульная доля жанчын сярод занятага насельніцтва і ўтвараецца гендарны разрыў у заработнай плаце”, – кажа Олівер Тэвенон, АЭСР. Падчас доўгіх перапынкаў губляюцца працоўныя навыкі, а занадта шчодрыя дагаворанасці могуць спрычыніцца дрэнным наступствам. У Германіі жанчына мае права вярнуцца на працу пасля трохгадовага водпуску па доглядзе дзіцяці. У многіх краінах маці з малым дзіцём больш складана звольніць у параўнанні з іншымі работнікамі. Цяжкасці ў кампенсацыі такой працяглай адсутнасці і асцярога, што ўмоўная маці, якую немагчыма звольніць, не будзе спраўляцца з працоўнымі задачамі, пазбаўляе фірмы жадання наймаць маладых жанчын або спрыяць іх прасоўванню па службе, нягледзячы на тое, што падобная дыскрымінацыя па-за законам.

У 1970-я гады скандынаўскія краіны былі першымі, хто прапанаваў бацькам самастойна распараджацца водпускам па доглядзе дзіцяці, але мала мужчын скарысталіся гэтай магчымасцю. Выдзяленне большай колькасці матэрыяльных сродкаў дапамагло вырашыць праблему. У Швецыі і Нарвегіі, якія замяшчаюць 80-100% прыбытку, сёння каля 90% бацькаў абіраюць водпуск па доглядзе дзіцяці. У Германіі двухмесячны бонус для бацькаў, якія бяруць долю гэтага водпуску, узняў колькасць новых бацькаў у водпуску па доглядзе дзіцяці з 21% да 34% у перыяд паміж 2008 і 2014 годам.

Калі водпуск для бацька не прадугледжаны, звычайна ў парах прымаецца рашэнне цалкам аддаць яго маці, якая, да таго ж, нядаўна перанесла роды і мусіць добра разбірацца ў пытанні. Паводле Джэрэмі Дэвіса з дабрачыннага Інстытута бацькоўства, гэтае рашэнне можа сфарміраваць будучыню пары, паколькі мае на ўвазе, што адказнасць за выхаванне дзіцяці поўнасцю ўскладаецца на маці. Тады становіцца прасцей звесці яе кар’еру на другі план. У Швецыі, дзе ў 2016 годзе водпуск па доглядзе дзіцяці для бацькаў быў павялічаны з двух месяцаў да трох, адно даследаванне вывела, што кожны месяц знаходжання бацькі ў водпуску спрыяў уздыманню заработнай платы яго партнёра на 7% праз чатыры гады.

Хаця колькасць краін, якія пашыраюць межы водпуску па доглядзе дзіцяці, павялічваецца, не ў кожнай атрымліваецца пакрываць дзве трэція заробку – узровень, рэкамендаваны АЭСР. Спадар Дэвіс таксама тлумачыць, што ў Вялікабрытаніі, дзе водпуск можа быць падзелены паміж бацькамі, але выдзяляецца невялікая матэрыяльная дапамога, многія мужчыны не прымаюць ідэю зрабіць перапынак у кар’еры, бо асэнсоўваюць, колькі гэта можа каштаваць. “Такія прагрэсіўныя пары канчаюць, як сем’і ў 1950-я гады”.

З выгляду гендарна нейтральная палітыка для бацькоў можа па-рознаму выкарыстоўвацца кожным з іх. Напрыклад, пасля павелічэння водпуску па доглядзе дзіцяці амерыканскімі ўніверсітэтамі некаторыя акадэмікі-мужчыны прысвячалі яго напісанню кніг замест даглядання дзяцей, спрыяючы такім чынам свайму далейшаму службоваму прасоўванню.

Нават калі дзеці пачынаюць хадзіць, ім усё яшчэ патрэбна дагляданне. У краінах АЭСР высокі ўзровень матэрыяльнай дапамогі на дагляданне і выхаванне дзяцей, якія не дасягаюць пяцігадовага ўзросту, цесна звязаны з вялікай колькасцю ўладкаваных на працу маладых маці. Даследаванне адной дзясятай часткі краіны дазволіла зрабіць вывад, што дзяленне кошту паслуг дашкольных устаноў напалам уздымае колькасць працоўных гадзін маці на 7-10%.

У Германіі права кожнага дзіцяці трохгадовага ўзросту на месца ў дзіцячым садку, зацверджанае ў 1996 годзе, дазволіла іх маці пачаць працаваць, няхай нават няпоўны дзень. Дадатковыя падаткі, якія яны плацілі, пакрывалі каля 60% выдаткаў гэтай палітыкі – і гэта без уліку таго, што ў будучыні яны маглі пачаць зарабляць больш. У Вялікабрытаніі, насупраць, 30 гадзін па доглядзе трох-чатырохгадовага дзіцяці, прапанаваныя ўрадам, зрабілі нязначны ўплыў на прадукцыйнасць жанчын – магчыма, справа ў недастатковай колькасці гадзін і адсутнасці магчымасці скарыстацца імі ў зручны момант. Аплата ясляў была занадта нізкай, што, верагодна, панізіла якасць іх працы і пазбавіла прыхільнасці некаторых бацькоў.

 

Дапамога бацьку дапаможа і маці

Нават з разумна распрацаванай палітыкай па пытаннях мацярынства, шчодрай матэрыяльнай дапамогай і скандынаўскімі параметрамі водпуску па доглядзе дзіцяці жанчыны не наблізяцца да мужчын у кар’ерным аспекце без крокаў, зробленых насустрач гібкаму працоўнаму графіку. Гэта дапаможа і мужчынам быць лепшымі бацькамі: нямногія зараз імкнуцца быць проста карміцелямі. Даследаванне Савета па разнастайнасці Аўстраліі вывела, што больш за траціну маладых бацькаў мелі сур’ёзныя намеры пакінуць свае арганізацыі, бо імі не быў прадугледжаны гібкі графік. Хаця мужчыны выказвалі гэтую просьбу радзей за жанчын, яны часцей атрымлівалі адмову. У Вялікабрытаніі каля паловы маладых бацькаў выказваюць жаданне знайсці менш стрэсавую працу для зручнейшага балансавання паміж працай і сям’ёй. Але яны, як і жанчыны, пагаджаюцца, што гэта шкодна для іх кар’еры.

“Нават “Гугл” супраць мяне!” – усклікае бацька з Нідэрландаў, які правёў у гэтай краіне толькі два дні, на сходзе на тэму водпуску па доглядзе дзіцяці. Калі ён шукаў парады па сумяшчэнні бацькоўства і працы, пашукавік запытваўся, ці не меў ён на ўвазе “мацярынства і працы”. Імкненні мужчын і жанчын сыходзяцца, значыць, і адказ на абодва запыты мусіць быць той самы.

Папраўка (11 кастрычніка 2017): Першапачаткова ў артыкуле сцвярджалася, што пасля павелічэння водпуску па доглядзе дзіцяці ў Вялікабрытаніі некаторыя акадэмікі-мужчыны прысвячалі час напісанню кніг. На самай справе гаворка ішла пра амерыканскія ўніверсітэты, якія павялічылі водпуск па доглядзе дзіцяці – з тымі самымі вынікамі.

Спадабалася? Пакінь каментар

Твой імейл не будзе апублікаваны


*


This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.