Апошняе

Калі твой трэнер — каралева, якая хоча ўсяго і адразу

«Гэты конкурс дапамог мне паверыць у сябе», — прызнаецца Марыя Салаўева, сёлетняя «Каралева Вясна». Дзяўчына расказала, чым захапляецца, як ёй удаецца трымаць сябе ў форме і якую літаратуру яна чытае.

Maria Salawjeva - beauty queen

Марыя вучыцца на спецыяльнасці «рамана-германская філалогія». Адточвае англійскую і нямецкую мовы.

— Хацелася навучыцца прыгожа гаварыць і думаць, — тлумачыць суразмоўніца, чаму выбрала гэты профіль. — Да таго ж мне вельмі па душы літаратура і мовы.

Але быць перакладчыкам пасля заканчэння ўніверсітэта Марыя не збіраецца. Ужо цяпер яна працуе трэнерам па бальных танцах і хоча звязаць сваё жыццё з гэтай прафесіяй. Танцамі дзяўчына займаецца з чатырох гадоў. Найбольш ёй падабаецца румба — танец кахання.

Графік у другакурсніцы вельмі шчыльны. У першай палове дня — пары ва ўніверсітэце, у другой — трэніроўкі. Працоўны дзень Марыі доўжыцца прыкладна з трох да дзесяці гадзін, а па выхадных яна з дзецьмі рэгулярна выязджае на турніры. Нядаўна вось была ў Маскве на міжнародных спаборніцтвах.

Як дзяўчыне ўдаецца ўсё паспяваць? «Усе такое пытанне задаюць, — усміхаецца яна. — Я прывыкла. Калі вучылася ў школе, сумяшчала з ўрокамі заняткі па выяўленчым мастацтве, танцавальную секцыю і музычную школу. А яшчэ ў дзяцінстве хадзіла на плаванне і захаплялася конным спортам. Мне хацелася ўсяго і адразу. Самае галоўнае — каб было жаданне. Калі ты сапраўды любіш тое, чым займаешся, размеркаваць свой час проста».

Maria Salawjeva - beauty queen

Паўдзельнічаць у конкурсе «Каралева Вясна» Марыя вырашыла спантанна. Другакурсніца, за плячыма якой не адзін танцавальны і музычны конкурс, падумала: чаму б і не? Да гэтага, дарэчы, Марыя перамагла на «Міс ВДУ». Але ўсё роўна старанна рыхтавалася да спаборніцтва: наведвала ўрокі па дэфіле, акцёрскім майстэрстве.

— Вядома, вельмі спадзявалася на перамогу, — не хавае дзяўчына. — Думаю, кожная хацела б стаць першай у рэспубліканскім конкурсе.

На інтэлектуальным этапе ўдзельніцам трэба было прыдумаць новы брэнд для краіны. Марыя прапанавала выпускаць экалагічна чыстыя ўпакоўкі для прысмакаў. На яе думку, такі ход дапаможа зменшыць шкодны ўплыў на навакольнае асяроддзе і дзеці з маленства будуць вучыцца клапаціцца аб экалогіі.

«Каралева Вясна» запомнілася гледачам і арыгінальным творчым нумарам. Дзяўчына вальсавала пад верш Максіма Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…».

— Вельмі люблю паэзію, — прызнаецца суразмоўніца. — І беларуская мова мне падабаецца: яна мілагучная. Увогуле чытаю шмат. Ва ўніверсітэце аб’ёмная праграма па літаратуры. Але на кнігі «для сябе» не хапае часу. Калі вучылася ў школе, любіла сучасных пісьменнікаў, а цяпер душа больш ляжыць да класікі. Напрыклад, падабаюцца п’есы Мальера.

Maria Salawjeva - beauty queen

У дзяўчыны ідэальная фігура. Просім падзяліцца яе сакрэтам зграбнасці. Марыя тлумачыць, што справа ў актыўным ладзе жыцця. Акрамя танцаў, яна любіць ездзіць на веласіпедзе. А вось на дыетах не сядзіць — гэта шкодзіць страўніку. Стараецца правільна харчавацца, але, калі хочацца фаст-фуду, не адмаўляе сабе ў гэтым жаданні. А яшчэ любіць салодкае. Праўда, спажывае яго ў невялікай колькасці і выбірае «здаровыя» прысмакі — мармелад, зефір. Смяецца, што салодкае яе натхняе.

Супадзенне ці не, але любімая пара года Марыі — вясна. «Уздымаецца настрой, бо за зіму паспяваеш засумаваць па добрым надвор’і. Плюс гэта самы спрыяльны час для танцаў, бо ў памяшканнях не спякотна».

Паклоннікі ў прыгажуні ёсць, а вось хлопца пакуль няма. Пытаемся, якія якасці для яе важныя ў будучым выбранніку. «Сумленнасць і дабрыня. Уменне танцаваць? Не абавязкова, — усміхаецца. — Але для мяне істотна, каб малады чалавек паважаў маё хобі».

Цяпер прыгажуня рыхтуецца да міжнароднага этапу конкурсу «Каралева Вясна». Ён пройдзе летам у Мінску. Марыя не выключае, што ў 2020 годзе паспрабуе пазмагацца за карону «Міс Беларусь». А дзяўчатам раіць заставацца сабой і ісці наперад да сваёй мэты.

 

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Марыі БЕЛІКАВАЙ

About Інна Пракапеня (21 Articles)
Інна Пракапеня вывучала беларускую мову і літаратуру ў Мінску і Варшаве. Цікавіцца палітыкай, сучаснай літаратурай і кулінарыяй. Мае намер працягнуць сваю кар'еру і галіне журналістыкі і новых медыя

Спадабалася? Пакінь каментар

Твой імейл не будзе апублікаваны


*


This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.