Апошняе

Пакаленне Y, Кёрлингу ці Магчыма: што адчуваюць тыя, каму за 20?

Назвы і вобразы ва ўсім свеце адлюстроўваюць рэаліі жыцця маладых людзей, ад пазыкаў і беспрацоўя да праблем з жыллём.

Пакаленне Кёрлінг у Швецыі, пакаленне Сур’ёзнасць у Нарвегіі і нават пакаленне Яна Паўла II у Польшчы. Кітайцы называюць іх “кен лао цу” ці “пакаленне, якое есць старэйшых”. А японцы ўжываюць тэрмін, які лае маладых людзей за тое, што яны ні на чым сур’ёзна не засяроджваюцца: “нагара-дзоку” – “людзі, якія заўсёды робяць дзве рэчы адразу”.

У ЗША іх больш празаічна называюць міленіяламі, а ў Брытаніі і Аўстраліі яны вядомыя як Пакаленне Y. Ва ўсім свеце няма недахопу ў эпітэтах для тых, хто нарадзіўся паміж 1980-ымі і сярэдзінай 1990-ых.

Шмат у якіх выпадках дадзеныя назвы раскрываюць канкрэтныя праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі, што нарадзіліся ў гэты перыяд: пазыкі, адсутнасць жылля, беспрацоўе або нешта менш заўважнае, да прыкладу, нерашучасць.

У Іспаніі маладых людзей называюць Пакаленнем “Ні-Ні”, якое ва ўмовах эканамічнага крызісу знаходзіцца ў стане ni trabaja, ni estudia – “ні работы, ні вучобы”. Тэрмін нават натхніў на стварэнне аднайменнага тэлешоу.

У 2013 годзе ўзровень моладзевага беспрацоўя дасягнуў піку ў 56%. Колькасць іспанцаў ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў, якія адчуваюць сур’ёзныя нястачы (г.зн. не могуць дазволіць сабе ацяпліць жыллё і набываць мяса або рыбу прынамсі кожны другі дзень) павялічылася на 20%: з 8% у 2007 г. да 28% у 2011 г. Гэта самы рэзкі рост моладзевага беспрацоўя ў Еўропе.

Таксама гэтае пакаленне называюць “Мілеўрыстас”, бо сярэдні заробак моладзі ўпаў да тысячы еўра (па-іспанску – “міл еўрас”). Але, як кажа іспанскі міленіял Дэвід Ганзалва, нават такая назва аптымістычная: “Да крызісу 2008 года гэта [тысяча еўра] лічылася нізкай зарплатай, але зараз, калі ты маеш працу на поўны дзень у Іспаніі і атрымліваеш 600 ці 700 еўра, трэба, на жаль, лічыць гэта блаславеннем”.

Тым не менш, бывае і горш. Напрыклад, у Грэцыі. Там ужываецца назва Пакаленне 500 еўра, якая ўзнікла на падставе праграмы, па якой выпускнікоў грэчаскіх вузаў урад уладкоўвае на працу з зарплатай 500 еўра на месяц.

У Германіі іх называюць Пакаленнем Мабыць: добра адукаваныя, яны маюць сувязі і незлічоныя магчымасці, знаюць шмат моў і мысляць глабальна, але настолькі перагружаны колькасцю даступных перспектыў, што не здзяйсняюць нічога.

Трыццацігадовая Сара Мюндэр увасабляе сабой гэты страх страціць магчымасць. Яна мела стабільную працу фінансавага кантралёра ў Франкфурце, але адчувала сябе ў пастцы ладу жыцця з дзевяці-да-пяці, таму кінула працу, каб паехаць у Лацінскую Амерыку. Пасля канікул і валанцёрства ў Бразіліі і Эквадоры яна засумавала па стабільнасці і высокаму заробку ў Германіі і вярнулася дадому. Неўзабаве пасля вяртання на сваю працу ўсе тыя рэчы, якія Сара лічыла там памылковымі, зноў пачалі яе раздражняць. І яна адразу ж пажадала вярнуцца да нязмушанага жыцця ў Лацінскай Амерыцы. Сара плануе яшчэ раз усё кінуць і адчыніць хостэл на марскім беразе.

Мы, як лунацікі, ходзім праз сеткавы свет магчымасцяў і адчуваем сябе ў бяспецы перад мноствам варыянтаў… Мы больш не ведаем, што рабіць”, – піша журналіст Олівер Джэджэс, які і прыдумаў выраз Пакаленне Мабыць. – “Мы жадаем не прапусціць нічога і нідзе”.

Магчыма, праблемы і клопат пра будучыню вядуць міленіялаў да таго, каб стаць сур’ёзным пакаленнем, менш схільным да дзікага аптымізму ці геданізму сваіх продкаў. Напрыклад, нарвежскіх міленіялаў ахрысцілі Джэнерэйшн Альвор, ці Пакаленне Сур’ёзнасць.

У рэшце рэшт гэта група людзей, для якіх вызначальным геапалітычным момантам стала трагедыя 11.9. і “вайна з тэрарызмам”, што пачалася пасля яе. Для іх тэрарызм – гэта тое, чым была пагроза ядзернай вайны для людзей пакалення “Бэбі-буму”, а таксама старэйшых з пакалення Х. Замест буклетаў пра Армагедон і сірэн, у іх ёсць службы аховы і пункты агляду ў аэрапортах і метро і пастаянныя папярэджанні аб неабходнасці паведамляць пра падазроныя паводзіны. Яны выраслі з уяўленнем пра масавыя забойствы – ва ўніверсітэтах, начных клубах, вайсковых казармах, цягніках, аўтобусах, музеях, кафэ, на пляжах і гарадскіх вуліцах – і такім чынам зразумелі, што ўсюды ёсць чаго баяцца. У нейкім сэнсе гэта Пакаленне Тэрору.

“Гэта як ДжФК-момант нашага пакалення”, – кажа лонданец Джэк Х’юсба, 30-гадовы акцёр і пісьменнік, пра дзень, калі ўпалі вежы-блізняты. –“Я дакладна памятаю, дзе быў. Я прыйшоў са школы дадому і пачуў, што мама крычыць. Я адразу запанікаваў, бо падумаў, што здарылася няшчасце. Я быў проста ў шоку”.

Але хутка тэрарызм стаў часткай сучаснага жыцця. 7 ліпеня 2005 г. Х’юсбу быў 21 год. “Я быў у піцэрыі ў Будапешце і афіцыянтка павярнулася і сказала, што Лондан бамбілі, і мы не здзівіліся. Гэта было наступнае месца”.

Х’юсба кажа, што боязь тэрарызму прывяла яго пакаленне да павышэння ўзроўню расізму і страху: “Ты ловіш сябе на тым, што непакоішся за людзей”. Але ён прызнае, што такі страх не з’яўляецца ўнікальным для яго пакалення:“Цяпер гэта ісламісты, раней былі саветы. Не думаю, што хоць адно пакаленне жыло не ў стане пагрозы ці страху”.

Толькі некаторыя вызначэнні пакалення Y сімпатызуюць маладым людзям. У Швецыі гэта Пакаленне Кёрлінг – названае як від спорту, у якім сябры па камандзе адчайна падмятаюць падлогу перад сваім каменем, каб пераканацца, што яго шлях гладкі і не мае перашкодаў. Бацькі міленіялаў ачышчаюць любыя перашкоды са шляхоў сваіх дзяцей, падтрымліваюць іх погляды, якія адмаўляюць усталяванне межаў, абараняюць іх ад настаўнікаў, якія спрабуюць іх дысцыплінаваць, і нават ходзяць з імі на суразмовы.

 

У Швецыі іх клічуць Пакаленне Керлінг

У Швецыі іх клічуць Пакаленне Керлінг

“Мы змякчылі ім свет усімі даступнымі спосабамі, мы песцім іх з самага пачатку”, – сцвярджае шведскі псіхіятр Доктар Дэвід Эберхард, які ўпэўнены, што менавіта бацькоўскае “падмятанне” прывяло да пакалення “спешчаных субдарослых”, якіх псіхалагічна лёгка выбіць з каляіны такімі нязначнымі ўдарамі, як смерць сабакі ці звальненне.

Юсукі Нісімура, 27-гадовы выпускнік універсітэта, з’яўляецца тыповым прадстаўніком “юторы седаі”, ці расслабленага пакалення. Пасля заканчэння ўніверсітэта ён працаваў у некалькіх розных кампаніях, але кажа, што ставіцца неадназначна да сваёй бліжэйшай будучыні, у якой прадбачацца частыя змены працы і жыццё разам з бацькамі. У яго няма дзяўчыны і ён ніколі не думаў асесці. І калі людзі пасляваеннага пакалення былі надзвычай ашчаднымі, то Нісімура кажа, што яго банкаўскі рахунак кожны месяц блізіцца да нуля пасля таго, як ён аддасць невялікую суму сваім бацькам, правядзе некалькі вечароў з сябрамі ды аплаціць сёрфінг і рыбалку.

“Справа не ў тым, што я эгаіст – проста наша пакаленне робіць усё інакш”, – кажа ён. – “Пакаленне бэбі-буму планавала ўсё сваё жыццё, мы больш зацікаўлены ў атрыманні асалоды ад моманту нашай свабоды”. Нісімура – гэта псеўданім. Ён не жадае, каб яго ідэнтыфікавалі.

У Кітаі яны – гэта пакаленне, на якое глыбокі ўплыў мае палітыка краіны. Дазвол мець толькі адно дзіця, уведзены ў 1979 г., за год да таго, як нарадзіўся першы міленіял, прывёў да незбалансаванасці пакалення міленіялаў, дзе мужчын прыкладна на 33 мільёны больш, чым жанчын, у шматлікіх выпадках адзінокіх. Акрамя таго, кітайскія міленіялы, не маючы братоў і сясцёр, з’яўляюцца “маленькімі імператарамі” ці, як іх называюць, “кен лао цу” – “пакаленне, якое есць старэйшых”. Назва з’явілася, бо ім падабаецца паразітаваць на бацьках, якія іх любяць. Даследаванне паказала, што для 70% маладых людзей у Кітаі нічога не варта папрасіць у бацькоў грошы на набыццё дома.

 

У Кітае іх клічуць - "пакаленне, якое есць старэйшых”, у Польшчы - пакаленне Яна Паўла Другога

У Кітае іх клічуць – “пакаленне, якое есць старэйшых”, у Польшчы – пакаленне Яна Паўла Другога

Для польскіх міленіялаў смерць у 2005 годзе Яна Паўла II, іх Папы і адзінага пантыфіка, якога яны калі-небудзь ведалі, была шокам, які аб’яднаў і вызначыў іх. Сацыёлаг Павел Спевак выказаў здагадку, што яны сталі вядомымі як пакаленне JPII (Generation John Paul II).

Можна спрачацца, ці з’яўляецца пакаленне JPII рэальнай з’явай або гэта толькі вынаходніцтва СМІ. На пахаванні Папы прысутнічалі маладыя людзі, апранутыя ў футболкі, надпісы на якіх сведчылі аб прыналежнасці да пакалення JPII. Аднак ёсць і супрацьлеглыя меркаванні. Адзін польскі чытач паведаміў The Guardian: “Тут няма за што зачапіцца. Магчыма, Польшча і з’яўляецца пераважна каталіцкай, і рэакцыя на смерць Папы была велізарнай, але на самой справе яна не была вызначальным момантам. Важным, але не вызначальным”.

У англамоўным свеце маладых людзей называюць менш крэатыўна. Яны міленіялы, бо дасягнулі паўналецця, калі скончылася адно і пачалося другое тысячагоддзе, ці Пакаленне Y, таму што ідуць за пакаленнем X. Калі выкарыстоўваць грэчаскі стыль, суадносячы назву з асноўнымі праблемамі, якія паўстаюць перад моладдзю, іх можна было б назваць пакаленнем Арэнды ў Вялікабрытаніі і Аўстраліі і пакаленнем пазыкаў у ЗША.

Маладыя людзі Вялікабрытаніі пацярпелі адразу на двух франтах: галавакружны кошт на жыллё і цяжкасці працаўладкавання. У 1991 г. 67% англічан ад 25 да 34 гадоў мелі ўласны дом, у 2012 г. паказчык знізіўся да 43%. Той, хто не можа дазволіць сабе купіць дом, павінен арандаваць і мае даволі змрочныя перспектывы. Арандатары трацяць у сярэднім 47% заробкаў на рэнту, тыя, хто арандуе жыллё ў Лондане, – 72%.

Больш за тое, для маладых людзей Вялікабрытаніі небяспека не мець працы ў тры разы большая, чым для астатніх узроставых груп. Такая няроўнасць прасочваецца і ў іншых краінах. У цэлым 14,4% маладых людзей ва ўзросце ад 16 да 24 гадоў не працуюць і не вучацца на дзённая форме (у параўнанні з 5,7% агульнай колькасці працаздольнага насельніцтва). Гэта найвялікшы разрыў за апошнія 20 гадоў.

У Аўстраліі, дзе асобны дом, які стаіць на чвэрці акра, ужо даўно з’яўляецца Вялікай Аўстралійскай Марай, маладыя людзі фактычна апынуліся выкінутымі з рынка жылля. Калі ў 1975 годзе патрабавалася каля 4-ох сярэдніх даходаў сям’і, каб купіць дом у Сіднэі, то цяпер неабходна 12. 25-гадовы Аляксандр Ален змог набыць маёмасць, толькі пазычыўшы 50 000 аўстралійскіх долараў (26 000 фунтаў) у бацькоў. Каб выплачваць іпатэку, ён працуе на трох работах.

У ЗША пакаленне міленіялаў вызначаецца пазыкамі. Больш за 40 млн чалавек маюць студэнцкія пазыкі, у сярэднім каля 29 000 долараў на кожнага, а ў агульным – больш за трыльён. Кошт адукацыі ў ЗША ўзляцеў: з 1978 г. да 2010 г. ён павялічыўся да 1,120%. З улікам рызыкоўнага рынку працы маладым людзям становіцца ўсё цяжэй пагасіць свае пазыкі. “Міленіялы не толькі бяруць пазыкі па больш высокай стаўцы, яны і выплачваюць іх больш павольнымі тэмпамі. Гэтыя бедныя дзеці выпускаюцца з каледжу ўжо з эквівалентам іпатэкі”, – кажа Люцыя Дан, прафесар эканомікі дзяржаўнага ўніверсітэта Агаё.

Магчыма, адна з найбольш адпаведных назваў для гэтага пакалення –Рэха Бумераў – часткова таму, што павелічэнне ўзроўню нараджальнасці ў 1980 і 1990 гадах азначае, што Пакаленне Y таго ж памеру, што пакаленне Бэбі Буму, а таксама таму, што гэтыя два пакаленні падзяляюць шмат аднолькавых каштоўнасцей. Хоць міленіялы і не жадаюць паўтараць памылкі бумераў і адмаўляюцца ад іх назапашвання багацця і руйнавання прыроды, на самой справе яны імкнуцца да тых жа рэчаў: у Брытаніі ці Аўстраліі – мець уласны дом, у ЗША – пазбегнуць пазыкаў, у Іспаніі ці Грэцыі – працаваць і мець упэўненасць у будучыні.

Маючы такія моцныя бакі, як гнуткасць, справядлівасць і цярпімасць, міленіялы, тым не менш, жадаюць, каб капіталізм, які, па іх меркаванні, так добра працаваў на папярэднія пакаленні, меў плён і для іх.

“Цяжкасцю з якой сутыкаюцца маладыя людзі Іспаніі (і многіх іншых краін Еўропы) з’яўляецца тое, што яны прагнуць жыць, як іх бацькі, у свеце спажывецкага капіталізму”, – піша іспанскі акадэмік Антоніа Аламінас. – “Яны не жадаюць, каб капіталізм парваў з імі”.

Generation_Y_full

Перакладзена з Гардзіан

About Інна Пракапеня (21 Articles)
Інна Пракапеня вывучала беларускую мову і літаратуру ў Мінску і Варшаве. Цікавіцца палітыкай, сучаснай літаратурай і кулінарыяй. Мае намер працягнуць сваю кар'еру і галіне журналістыкі і новых медыя

Спадабалася? Пакінь каментар

Твой імейл не будзе апублікаваны


*


This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.