Брытва, трымер, крэм. Які спосаб дэпіляцыі найлепшы?

Існуе дзіўны парадокс. Напэўна, кожная жанчына хацела б мець моцныя, бліскучыя і здаровыя валасы. І каб было іх многа, і каб былі яны доўгія. Але толькі на галаве, таму што ўсюды, акрамя галавы (а таксама броваў і веек), іх не павінна быць наогул. Жанчыны гатовы рабіць неверагодную колькасць працэдур дзеля сваёй прычоскі, песцячы свае валасы шампунямі, бальзамамі, кандыцыянерамі. Аднак тыя ж жанчыны не спыняцца ні перад чым, каб ліквідаваць непажаданыя валасы, і найлепш назаўсёды.
Дэпіляцыя без болю: брытва, трымер, крэм
Выбіраеце галенне? Выдатна.
Галенне хуткае і бязбольнае (калі, канешне, выпадкова не парэжашся). Але недахопам з’яўляецца хуткае адрастанне валасоў, якое можна адчуць ледзь не ў той жа дзень, калі вы пагаліліся.
Існуе міф, што паголеныя валасы, адрастаючы, становяцца яшчэ мацнейшымі. Аднак на самай справе такое ўражанне ствараецца толькі таму, што яны адрастаюць адначасова ўсе разам, а ў дадатак да гэтага маюць абрэзаныя пад прамым вуглом кончыкі. Пасля воску ці дэпілятара валасы адрастаюць у розным тэмпе, таму здаецца, што іх менш.
Для таго, каб забяспечыць больш працяглы эфект, захаваць добры стан скуры і пазбегнуць парэзаў, найлепш галіць ногі і падпахі добрай шматразовай брытвай (такія брытвы больш далікатныя і дакладныя, чым аднаразовыя). Акрамя таго, іх хапае на больш працяглы тэрмін: па сведчаннях жанчын, некаторыя брытвы захоўвалі вастрыню на працягу сямі гадоў.
Добрая парада: вашы ногі будуць галіцца лягчэй і даўжэй застануцца гладкімі, калі пры галенні вы выкарыстаеце спецыяльную пену. Яна змякчае скуру, сілкуе яе і здымае раздражненне.
Галенне патрабуе канцэнтрацыі, дакладнасці і ўвагі – асабліва калі ў вас новая і вострая брытва. Неахайнасць можа скончыцца парэзамі скуры, а гэта балюча і непрыемна.
Пасля галення на ногі неабходна нанесці бальзам для ўвільгатнення, а пад пахамі не варта выкарыстоўваць моцныя дэзадаранты на спіртавой аснове. Не ўжывайце таксама антыперспіранты.
Ні ў якім выпадку не выкарыстоўвайце брытву для галення твару!
Брытвы і трымеры
Валасы ў зоне бікіні адрастаюць павольней, чым на нагах. Галенне брытвай у дадзеным выпадку заканчваецца раздражненнем скуры, вуграмі, свербам і ўрослымі валасамі.
Дык што ж рабіць? Выкарыстоўвайце электрычны трымер для бікіні. Ён мае насадку, якая дазваляе падкараціць валасы, ножык, які абрэжа валасы да скуры, і брытву, якая зробіць, каб скура ў гэтым месцы была гладкай і не раздражнялася.
Крэм
Крэмы для дэпіляцыі? Бывае, што іх выкарыстоўваюць, але ў асноўным для сцёгнаў. Крэм наносяць на скуру, а пасля, у адпаведнасці з рэкамендацыямі вытворцы, змываюць недзе праз хвілін пятнаццаць, выдаляючы рэшткі з дапамогай спецыяльнай лапаткі ці губкі.
Пасля дэпіляцыі крэмам скура вельмі гладкая – крэм растварае не толькі валасы, але і мёртвыя клеткі скуры. Эфект ад крэму для дэпіляцыі больш працяглы, чым ад галення брытвай.
Жанчыны, якія выступаюць супраць крэмаў, кажуць, што такое хімічнае ўздзеянне ім не падыходзіць. У некаторых узнікаюць алергічныя рэакцыі – таму перад нанясеннем крэму на скуру ног неабходна праверыць яго дзеянне на невялікім участку. Крэм нельга выкарыстоўваць непасрэдна да і пасля загару. У рэшце рэшт гэты метад даволі дарагі.
Мода на дэпіляцыю сыходзіць?
Тым часам, калі многія жанчыны шукаюць найлепшыя сродкі для дэпіляцыі, на Захадзе пашыраецца мода на негаленне. Набывае распаўсюджванне рух Fakszejwing, прыхільнікі якога заклікаюць пазбавіцца ад рознага кшталту дэпілятараў і вярнуцца да натуральнай чалавечай прыроды. На замежных форумах і блогах усё часцей з’яўляецца заклік: “Дзяўчыны! З сённяшняга дня не голімся”. Паводле аднаго з меркаванняў, вяртанне моды на негаленне выклікана пратэстам жанчын супраць навязанага ім абавязку, які не ўласцівы мужчынам. Гэта імкненне да вызвалення, да раўнапраўя.
Падрабязней пра найлепшыя спосабы дэпіляцыі ў праграме “Добры секс” (на польскай мове)
Спадабалася? Пакінь каментар