След ад электроннай цыгарэты
Акрамя курэння існуюць больш надзейныя спосабы страціць здароўе. Аднак, нягледзячы на небяспеку, залежным ад нікаціну людзям часта абсалютна немагчыма пазбыцца гэтай шкоднай прывычкі. Палова з тых, хто спрабуе адразу кінуць курыць не працягваюць і тыдзень. Менш за 5% могуць заставацца без нікаціну год ці болей. Дапамогай у гэтым служаць спецыяльныя нікацінавыя пластыры і жавальныя гумкі, якія хоць і даюць палёгку, але невялікую.
Існуе думка, што нікацінавая залежнасць не абмяжоўваецца звычайнай «хіміяй». Такія рытуальныя жэсты, як трыманне цыгарэты ў пальцах або элегантнае выдыханне цыгарэтнага дыму, могуць аказаць такі ж уплыў на фармаванне прывычкі, як і сам нікацін. Таму аптымальным спосабам кінуць курыць мог бы стаць нейкі спецыяльны механізм дастаўкі наркатычных рэчываў, які б імітаваў звычайную цыгарэту настолькі, наколькі гэта магчыма, але не ўтрымліваў бы тых шкодных канцэрагенаў і ядаў, якія выдзяляюцца пры згаранні скрутка паперы, лістоў тытуню і розных дабавак.
Электронная цыгарэта можа выканаць гэту задачу. Яе невялікі награвальны прыбор выпарвае сумесь гліцэрына і прапіленгліколя, у якой папярэдне быў раствораны нікацін, і ператварае яе ў лёгкі дым, які можна ўдыхаць так, як і дым ад звычайнай цыгарэты. Дзякуючы знешняму падабенству з традыцыйнай цыгарэтай, яе электронны аналаг таксама можна трымаць у пальцах і эфектна выдыхаць атрыманы дым.
Тым не менш, навізна гэтых прылад, першая з якіх з’явілася на рынку ў 2006 годзе, паставіла пытанне: ці сапраўды электронныя цыгарэты дапамагаюць курцам пазбыцца нікацінавай залежнасці? 17 снежня з’явіліся пацверджанні ў выглядзе агляду, апублікаванага міжнароднай арганізацыяй медыцынскіх даследаванняў Какранаўскае супрацоўніцтва (Cochrane Collaboration). Аўтары агляду пад кіраўніцтвам Пітэра Хаека з Лонданскага ўніверсітэта каралевы Марыі разгледзелі рэзультаты трынаццаці выпрабаванняў электронных цыгарэт.
Вынікі, хоць яшчэ далёкія ад канчатковага завяршэння, шмат у чым абнадзейвалі. Каманда аўтараў звярнула ўвагу на два даследаванні, якія праводзіліся ў форме рандамізаванага кантраляванага выпрабавання (RCT). У часе такіх выпрабаванняў дактары адвольна прызначаюць валанцёраў або да сапраўднай формы лячэння, якое даследуецца, або да нечага іншага. У канцы параўноўваюцца вынікі дзвюх груп. У згаданых даследаваннях «нечым іншым» была электронная цыгарэта без утрымання нікаціну (т. зв. плацэба). У выніку, каля 9% людзей, якія карысталіся электроннымі цыгарэтамі ў гэтых выпрабаваннях не курылі на працягу шасці наступных месяцаў. Сярод тых, хто карыстаўся плацэба, гэты паказчык склаў 4%. Адно з такіх даследаванняў таксама выявіла, што пераход на электронныя цыгарэты прынамсі не менш эфектыўны ў заахвочванні да поўнага адмаўлення ад курэння, чым карыстанне нікацінавымі пластырамі (у іншых тэстах гэта пытанне не разглядалася).
Цалкам адмовіцца ад цыгарэт — самы лепшы рэзультат, але таксама не зашкодзіць проста пачаць курыць менш. Абодва даследаванні паказалі, што электронныя аналагі дапамагаюць значна скараціць ужыванне нікаціну для тых, хто не ў стане кінуць курыць адразу. 27% курцоў, якія карысталіся плацэба-цыгарэтамі, і 36% з тых, хто карыстаўся сапраўднымі электроннымі аналагамі здолелі зрабіць гэта на палову ці болей. Адно з выпрабаванняў таксама параўнала е-цыгарэты з нікацінавымі пластырамі. Яно паказала, што 61% ад агульнай колькасці карыстальнікаў электронных цыгарэт скарацілі ўжыванне нікаціну на палову, у параўнанні з 44% ад колькасці тых, хто карыстаўся пластырамі. Гэтыя агульныя вывады пацвярдзілі астатнія адзінаццаць даследаванняў, вядомыя як групавыя. У час іх правядзення дактары проста назіралі за людзьмі, не спрабуючы якім-небудзь чынам паўплываць на іх паводзіны.
А цяпер некалькі папярэджанняў
Тым не менш, варта сказаць і некалькі перасцярог. Агляд доктара Хаека ўключае толькі невялікую колькасць даследаванняў, у кожным з якіх, паводле стандартаў такіх выпрабаванняў, была задзейнічана надта малая група людзей. Каб прыйсці да канкрэтных вывадаў, спецыялістам у галіне статыстыкі трэба назіраць за большай колькасцю валанцёраў, бо поўная адмова ад курэння — з’ява даволі рэдкая. Удзельнікі даследаванняў, якія заявілі пра перамогу над прывычкай, здавалі біяхімічныя тэсты, каб пацвердзіць сваю праўдзівасць, але тым, хто толькі скараціў ужыванне нікаціну верылі на слова. У цэлым, доктар Хаек і яго каманда ацаніла якасць сведчанняў як «нізкую» або «вельмі нізкую». Таксама падчас правядзення двух клінічных выпрабаванняў выкарыстоўваліся састарэлыя мадэлі электронных цыгарэт, якія не ўтрымлівалі такую колькасць нікаціну, як больш сучасныя аналагі.
Больш таго, у адрозненне ад звычайных цыгарэт, якія вырабляюцца ў агромністых маштабах і па стандартнай тэхналогіі, вытворчасцю электронных цыгарэт займаюцца сотні розных фірм, большасць з якіх знаходзіцца ў Кітаі. І таму іх якасць можа адрознівацца. Было выяўлена, што награвальны прыбор некаторых мадэляў утрымліваў цяжкія металы, якія пасля выходзілі разам з чыстай, як мяркуецца, парай. У выпарэннях некаторых іншых цыгарэт знайшлі валокны кварцу, якія раздражняюць лёгкія карыстальнікаў.
Без сумневу, такая сітуацыя зменіцца па меры таго, як больш адказныя фірмы стануць на месца менш адказных. Цяпер збіраецца інфармацыя на тэму эфектыўнасці электронных цыгарэт. Аўтары агляду выявілі пяць бягучых выпрабаванняў. Калі і яны пакажуць станоўчыя вынікі, то повадаў да скептычнага стаўлення будзе менш
Спадабалася? Пакінь каментар