Сакрэты паспяховых людзей: 20 звычак, якія дапамагаюць быць шчаслівымі
Важная ўмова поспеху – штодзённае выкананне карысных правілаў.
Паспяховых людзей, як правіла, аб’ядноўваюць падобныя звычкі. Яны ўстаюць на світанні, сочаць за сваім здароўем і ўмеюць распараджацца сваімі грашыма. Яны ведаюць каштоўнасць паўнавартаснага начнога сну, якаснага адпачынку і добрай кнігі. І яны імкнуцца выконваць некаторыя штодзённыя нескладаныя дзеянні, правераныя часам. 20 паспяховых людзей расказваюць пра простыя рытуалы, якія дапамагаюць ім рухацца наперад у бізнесе і жыцці.
1. Штодзень засцілайце ложак
“Некалькі гадоў таму я пачуў выступ Адмірала Мак-Рэйвэна, які тлумачыў важнасць звычкі штодзённа засцілаць ложак. Ён казаў, што гэта дае адчуванне выкананага абавязку, паказвае, што калі вы не можаце вырашаць невялікія задачы, то тым больш ніколі не здолееце вырашыць вялікія. Да таго ж, калі ў вас быў дрэнны дзень, засланы ложак зможа вас падбадзёрыць. Я паспрабаваў і ўбачыў, што гэта працуе. Выкананне простай задачы робіць больш складаныя не такімі цяжкімі для ўспрымання. Але яшчэ больш важна тое, што, прыйшоўшы дадому пасля складанага дня на працы, вы ўбачыце, што адна з вашых задач ужо выканана” – Майкл Ды Бенедэта, генеральны дырэктар Bootler-сэрвіса па дастаўцы замоўленай на сайце ежы.
2. Насіце з сабой дыктафон
“Часта здараецца, што найлепшыя ідэі прыходзяць да нас, калі мы знаходзімся ў расслабленым стане, напрыклад, ляжым у ложку, спрабуючы заснуць, ці сустракаемся з любімым барменам. Золата бізнесу схавана ў такіх вольных момантах. Я заўсёды трымаю дыктафон побач з ложкам і ў кішэні, што, магчыма, не зусім зручна, але гэта таго варта” – Нік Вячорэк, заснавальнік і генеральны дырэктар Cliq, сацыяльнага дадатку для груп сяброў.
3. Займайцеся кожны дзень
“Для фізічных практыкаванняў важнае значэнне мае не столькі працягласць заняткаў, як іх пастаянства. Таму я штодзень займаюся ёгай ад 15 да 30 хвілін: у сваёй гасцінай, выкарыстоўваючы толькі цыноўку і спецыяльны дадатак на iPad. У выніку я раблюся не толькі фізічна мацнейшай. Гэта таксама і медытацыя, таму я станаўлюся і больш шчаслівай” – Алісія Навара, генеральны дырэктар Skimlinks, афіляванага інструменту маркетынгу для выдаўцоў.
4. Абедайце з вашымі супрацоўнікамі
“Вельмі важна, ствараючы карпаратыўную культуру, не аддаляцца ў вежу са слановай косткі: пазнайце сваіх работнікаў, даведайцеся пра іх жыццё, сем’і і інтарэсы, а таксама дазвольце ім даведацца тое ж самае пра вас. Гэта не спосаб зрабіць сваіх супрацоўнікаў больш адданымі ці прадуктыўнымі. Гэта спосаб зрабіць больш адданым і прадуктыўным сябе. Калі вы будзеце ведаць і ўлічваць тое, чым жывуць вашы работнікі і іх сем’і, то зможаце лепш кіраваць кампаніяй у розных аспектах. Гэта дапаможа зрабіць жыццё лепшым для вас і вашых работнікаў” – Эндру Філеў, кіруючы генеральны дырэктар анлайн-праекта кампаніі забеспячэння Wrike.
5. Недаабяцайце і перавыканайце
“Я рана даведаўся пра недаабяцанне і перавыкананне ў праектах. Гэты метад дапамог мне заваяваць давер калег і начальства, а таксама і нашых акцыянераў. Калі праекты робяцца з апераджэннем графіку, у межах бюджэту і з большай якасцю, чым чакалася, гэта перамога для ўсіх. Я не кажу, што трэба спецыяльна не ставіць сабе цяжка дасягальныя мэты дзеля таго, каб лепш выглядаць. Гаворка ідзе пра кіраванне чаканнямі ўнутраных і знешніх кліентаў і стварэнне ў іх станоўчага ўражання ад узаемадзеяння з вамі” – Стэфан П. Стар, генеральны дырэктар The Million Dollar Round Table, глабальнай незалежнай асацыяцыі, у якой працуюць больш за 43 000 прафесіяналаў па страхаванні жыцця і фінансавых паслугах і ў якую ўваходзяць больш за 500 кампаній ў 67 краінах свету.
6. Пачынайце дзень заспакоена
“Да таго, як прачнецца мая сям’я і астатні свет, я пераношу ўсё са сваёй галавы ў ноўтбук: выпадковыя думкі, страхі, ідэі, працоўныя моманты, сямейныя адносіны, перамогі папярэдняга дня, тое, што мяне злуе, кліенты або перспектывы, з якімі трэба папрацаваць, праблемы, вырашэнне якіх трэба знайсці, – усё. Таксама мне патрэбны час, каб папрасіць падтрымкі і дапамогі ў Бога. Дзякуючы гэтаму, мой дзень пачынаецца з чыстай галавой, і мая ўвага больш не адцягваецца на падсвядомыя назойлівыя думкі. У мяне ёсць “партнёр па справаздачах”, і я пішу яму, які кірунак абраў, а ён мне – пра свой. І гэта працуе. У мяне ёсць яснасць і план дзеянняў” – Майкл Левін, аўтар бестселераў у New York Times і ўладальнік BusinessGhost, пастаўшчыка дзелавых кніг і дзелавых успамінаў, напісаных “літаратурнымі неграмі”.
7. Уступайце ў нефармальныя прафесійныя размовы з тымі, хто менш за ўсё гэтага чакае
“Стратэгічнае мысленне карыснае для мозга, а нефармальныя размовы пра бізнес карысныя для здароўя сэрца. Я ахвотна размаўляю з тымі работнікамі, з якімі нашыя шляхі не перасякаюцца. Слуханне расповедаў пра наш бізнес і пра жыццё супрацоўнікаў вучыць мяне агульным каштоўнасцям, якія фарміруюць аснову для моцнай карпаратыўнай культуры, а тая ў сваю чаргу матывуе людзей працаваць з кожным днём усё лепш” – Люк Ламберт, прэзідэнт і генеральны дырэктар G&S Business Communications, глабальнай фірмы сярэдніх памераў, якая распрацоўвае PR і маркетынгавыя праграмы для B2B і B2C кліентаў.
8. Пачынайце свой дзень з настроенасці на пазітыў
“У мяне ёсць ранішні рытуал, які я выконваю кожную раніцу з пачатку маёй кар’еры. Перад тым, як устаць з ложка, я кажу сабе: “Сёння будзе вялікі дзень”. Так я задаю настрой на цэлы дзень. Потым я раблю тры глыбокія ўдыхі і ўсміхаюся, і нарэшце кажу, за што я ўдзячны” – Дэйв Канцін, член праўлення Hope&Heroes, дзіцячага фонду барацьбы з ракам Калумбійскага ўніверсітэта, і былы віцэ-прэзідэнт Brad Benson Hyundai у Нью-Джэрсі.
9. Пачынайце дзень з рытуала, які дапаможа знайсці раўнавагу і сканцэнтравацца
“Да таго, як устаць з ложка, я пачынаю свой дзень з малітвы, медытацыі і слухання натхняльнай музыкі. Гэта забяспечвае мне ўраўнаважанасць і мірны настрой перад тым, як я пачну ўзаемадзейнічаць з кім-небудзь яшчэ. Нельга падзяліцца, маючы пусты кубак. Каб мець прадуктыўныя адносіны на працягу дня, важна найперш напоўніць сябе, пераканацца ў адсутнасці фізічнага, разумовага, эмацыйнага і духоўнага напружання” – Донна Л. Гамільтан, аўтар бестселераў і галоўны аздараўленчы супрацоўнік Manifest Excellence, LLC, кампаніі па ўмацаванні здароўя, якая дапамагае іншым кампаніям павысіць прадуктыўнасць і ўдасканаліць узаемадзеянне работнікаў шляхам паляпшэння іх самаадчування на працоўным месцы.
10. Абедайце з кім-небудзь кожны дзень
“Я лічу, што чалавечыя сувязі і жыццёвыя ўзаемадзеянні – гэта тое, што рухае да стварэння ідэй і поспеху адначасова ў сям’і і ў кар’еры. Я прымаю сяброў, калег, кліентаў і канкурэнтаў за абедам кожны дзень і высвятляю, што імі рухае” – Ніколь Мак-Макін, прэзідэнт фірмы Irvine Technology па працы з IT-персаналам і рашэннямі.
11. Спачатку паклапаціцеся пра сябе
“Як уладальнік бізнесу вы павінны быць ураўнаважаным не толькі на працы, але і ў жыцці наогул. Гэтаму спрыяе здаровы лад жыцця. Выбірайце для харчавання чыстыя здаровыя прадукты. Выконвайце фізічныя практыкаванні. Дазваляйце целу адпачыць, калі яно стамілася. І нават песціце сябе. Адсутнасць увагі да гэтых ключавых фактараў можа прывесці да знясілення, стомленасці і адчування перагружанасці. Немагчыма быць эфектыўным, калі ў вас няма энергіі або вы выдыхаецеся. А яшчэ горшае тое, што негатыўная энергія перадаецца вашым супрацоўнікам, а гэта стварае стрэс і напружанасць у кампаніі. Калі вы адчуваеце сябе шчаслівым і паводзіце сябе ўраўнаважана, вашы супрацоўнікі, у рэшце рэшт, стануць пераймаць такія паводзіны, а гэта значыць, што кампанія будзе працаваць эфектыўна. У выніку вы атрымаеце больш часу, больш задавальнення і больш грошай” – Джошуа Мёльберг, генеральны дырэктар J.D. Mellberg Financial. Яго фінансавыя відэа, загружаныя ў Інтэрнэт, былі прагледжаны больш за 4 мільёны разоў у мінулым годзе, а гэта ў сярэднім 350 000 праглядаў на месяц.
12. Смейцеся
“Маючы малады бізнес, які хутка расце, лёгка дайсці да звышкантролю і залішняй сканцэнтраванасці на бясконцым спісе задач або бесперапынных спробах абдумваць рашэнне праблем. Кожны дзень я спыняюся на 5 хвілін, каб знайсці нагоду для гумару або перакінуцца смешнымі гісторыямі з супрацоўнікамі ці нават кліентамі. Калі я не магу знайсці смешны момант сам, я прашу каго-небудзь у офісе расказаць мне новы жарт ці падзяліцца смешным мемам. Гэта заўсёды асвяжае мой дух і аднаўляе энергію. Смех – гэта як вітамін, які прадухіляе выгаранне” – Леан Мілер, генеральны дырэктар кампаніі Red Anchor Wealth Management, якая ажыццяўляе каардынацыю асноўных дзеянняў па сучасным выхадзе на пенсію, такіх, як медыцынскі догляд, сацыяльнае забеспячэнне, выплата пенсіі і інвестыцыі.
13. Будзьце ўдзячнымі
“У эпоху спешкі і эгацэнтрызму будзьце ўдзячнымі і дзякуйце за праявы дабрыні ў сям’і, сярод сяброў, калег і незнаёмых. Персанальная і інстытуцыянальная аддача ад свядомых інвестыцый не маюць сабе роўных” – Пітэр Нэіл , дырэктар World Ocean Observatory, анлайн-прасторы для абмену інфармацыяй і адукацыйнымі паслугамі, звязанымі з акіянам.
14. Жывіце згодна з мараллю
“Ніколі не падманвайце. Ніколі не крывадушнічайце. Ніколі не крадзьце. Не ныйце. Не скардзьцеся. Не аднеквайцеся. Гэта асноўныя прынцыпы, якімі я кіруюся. Яны маюць важнае значэнне для падмурка ўзаемаадносінаў, пабудаваных на шчырасці і добрасумленнасці, і добра ўплываюць на маю паўсядзённую працоўную этыку” – Кент Атэртан, заснавальнік і генеральны дырэктар Bloc Enterprises, кампаніі, што валодае эксклюзіўнымі правамі на распаўсюджванне ў Злучаных Штатах прадукцыі NicoBloc, якая дапамагае адмовіцца ад курэння.
15. Успрымайце кожны дзень на працы як першы
“Мяне як лідара гэта робіць сціплым і сканцэнтраваным на мэце. Гэтак жа, як у свой першы працоўны дзень, я ўяўляю менавіта тое, што хачу, каб адбывалася штодзень. Вы не зможаце нічога дасягнуць, калі спачатку не ўявіце гэта ў сваіх думках. Калі я дакладна ведаю, чаго хачу, то станаўлюся засяроджаным і пераадольваю любыя перашкоды, застаючыся сканцэнтраваным на сваім бачанні” – Хайлэл Л. Прэшэр, прэзідэнт The Presser Law Firm, агульнанацыянальнай юрыдычнай фірмы па абароне актываў.
16. Прагаворвайце вашы мэты ўголас
“Я запісваю свае мэты, кар’ерныя, асабістыя і сямейныя, а таксама паўтараю іх вусна кожную раніцу. Некаторым гэта можа падацца трывіяльным, але я лічу, што гэта ключавы фактар майго поспеху” – Эдвард Сота, прэзідэнт і заснавальнік Safeguard Financial Services, а таксама адзін з партнёраў у Safeguard Investment Advisory Group.
17. Не збягайце ад праблем
“Калі вы бачыце праблему, вырашайце яе. Чым хутчэй вы возьмецеся за яе вырашэнне, тым хутчэй яна будзе ліквідавана. Праблемы ніколі не становяцца прасцейшымі з цягам часу. Лепш вырашыць праблему ў самым пачатку, пакуль яна не пераўтварылася ў поўнамаштабную катастрофу. Паспяховасці такой стратэгіі садзейнічае добрая карпаратыўная культура, дзякуючы якой вашы супрацоўнікі сумленна і своечасова паведамляюць пра памылкі і настроены на іх выпраўленне” – Крыс Спэйн, прэзідэнт і генеральны дырэктар пастаўшчыка разумнага кіравання вадой HydroPoint, які захаваў кліентам больш за 15 мільярдаў галонаў вады і 137 мільёнаў долараў у выдатках 2015 года.
18. Адключайцеся
“Дзеля развіцця сваёй кампаніі вы, як прадпрымальнік, заўсёды знаходзіцеся ў працы, у роздумах, у неверагодна хуткім руху. Часта вы прачынаецеся і адразу гатовы дзейнічаць. Але, перш чым вырашаць задачы дня, я медытую. Гэта дапамагае знайсці раўнавагу і задаць правільны тон для астатняй часткі дня. Па вечарах я выходжу на доўгую прабежку без тэлефона. Замест пошуку песні для трэніроўкі і адцягвання ўвагі на паведамленні электроннай пошты, я канцэнтруюся на кожным сваім наступным удыху і кроку. Гэта не толькі выдатны спосаб зняць стрэс, але і яшчэ адзін спосаб медытацыі, які дапамагае ачысціць розум” – Махеш Раджагопалан, сузаснавальнік і генеральны дырэктар дадатку для чата і калажаў Picpal.
19. Штодзень вячэрайце са сваімі блізкімі
“І я, і мая жонка пастаянна занятыя, бо мы абое з’яўляемся заснавальнікамі і кіраўнікамі нашых кампаній, таму самае важнае для нас – кожны дзень вячэраць разам. Так проста згубіць сувязь з-за сваёй прафесіянальнай занятасці і глядзець, як ваша сямейнае жыццё развальваецца. А каб быць ураўнаважаным і паспяховым, падтрыманне моцных адносін з сям’ёй жыццёва важнае” – Раджыў Бехера, генеральны дырэктар кампаніі прадуктыўнага кіравання Reflektive, якая была прафінансавана Андэрсанам Хоравіцам у 2015 годзе і з таго часу падпісала пагадненні з больш, чым 100 кліентамі.
20. Прытрымлівайцеся залатога правіла
“Стаўцеся да іншых так, як хацелі б, каб ставіліся да вас, і праяўляйце суперажыванне. Я прытрымліваюся гэтага ва ўсіх пытаннях бізнесу, асабліва калі працую з трыма нашымі зацікаўленымі бакамі: заказчыкамі, пастаўшчыкамі і супрацоўнікамі. Кожны з іх у роўнай ступені важны для поспеху кампаніі. Стаўленне да кожнага ўдзельніка як да актыўнага партнёра стала для нас прыярытэтам. Каб атрымаць найлепшы вынік, кожны бок павінен адчуваць сябе важнай часткай ураўнення” – Кэры Сміт, заснавальніца і генеральны дырэктар вытворчасці вентылятараў і святла Big Ass Fans, якая плануе атрымаць звыш 300 млн долараў даходу ў гэтым годзе.
Спадабалася? Пакінь каментар