Апошняе

Рынак працы: жанчынам важны абедзенны перапынак, а мужчынам — заробак

Беларускім мужчынам плацяць больш, чым жанчынам — гэта факт. Але чаму так адбываецца? На якія крытэрыі звяртаюць увагу пры пошуку працы мужчыны і жанчыны? І чаму дамы часцей згаджаюцца на нізкааплатныя месцы?

Паводзіны мужчын і жанчын на рынку працы адрозніваюцца. Калі для першых пры выбары вакансіі важны матэрыяльны бок пытання, то для другіх — камфортныя ўмовы.

— Для жанчын мае значэнне больш свабодны працоўны графік. Працэнтаў 70 хочуць сядзець у офісе і аддаюць перавагу нераз’язному характару работы. Прадстаўніцам прыгожага полу важна таксама наяўнасць абедзеннага перапынку: каб можна было па прадукты схадзіць ці вырашыць нейкія свае праблемы, — расказвае дырэктар кансалтынгавай кампаніі «Квадрат» Святлана КАРАСЦЯЛЁВА.

Для мужчын пералічаныя моманты неабавязковыя. Яны гатовы разглядаць ненармаваны рабочы дзень: там, дзе ёсць магчымасць зарабляць грошы неабмежавана, беларусы будуць шчыраваць і па 24 гадзіны ў суткі. Часта мужчыны згаджаюцца на больш мабільную працу, з працяглымі камандзіроўкамі, паколькі менш займаюцца бытавымі праблемамі. Большасць прадстаўнікоў моцнага полу шукаюць высокія пасады і гатовы несці на сабе шмат абавязацельстваў, бо адказнасць заўсёды аплачваецца даражэй. Пры пошуку працы мужчыны, дарэчы, таксама вядуць сябе больш актыўна. Па інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, яны ўладкоўваюцца на новае месца ў сярэднім на дзевяць дзён хутчэй за жанчын.

Даследаванне па бюджэце часу, якое праводзіў Белстат сумесна з ААН, пацвярджае: мужчыны надаюць працы больш увагі, чым жанчыны.

Непасрэдна на рабоце моцная палова праводзіць на 41 хвіліну больш. А ў вольны час штодзень адводзяць працоўным пытанням у сярэднім 12 хвілін, тады як дамы — толькі восем.

Для наймальнікаў, мяркуючы па ўсім, гэты факт мае значэнне. Прыкладна палова працадаўцаў пры падборы персаналу падкрэслівае, што хацелі б бачыць мужчын. Такая тэндэнцыя назіраецца і ў прыватных, і ў дзяржаўных кампаніях.

— Часам гэтае пажаданне выказваюць вельмі рэзка, — заўважае Святлана Карасцялёва. — У любым выпадку кожны раз нам даводзіцца даказваць, што на канкрэтнай пасадзе жанчына справіцца не горш за мужчыну. І, трэба адзначыць, апошнім часам усё часцей удаецца пераконваць працадаўцаў, што дамы ў нас сёння адукаваныя і вопытныя. Адваротны ж варыянт, калі шукаюць на нейкае месца менавіта жанчыну, вельмі рэдкі.

А вось брунетка саіскальніца ці бландзінка, наймальніку ўсё роўна. У кансалтынгавым агенцтве запэўніваюць, што ніхто па знешнасці не выбірае. Так, фотаздымак у рэзюме патрэбен. Але ён прыкладаецца для таго, каб кандыдата запомнілі, а не ацанілі яго выгляд.

 

Чаканні грамадства

Умоўны падзел прафесій на мужчынскія і жаночыя дагэтуль захоўваецца. Прадстаўнікі моцнага полу пераважаюць у такіх галінах, як будаўніцтва, прамысловасць. У той жа час большасць работнікаў сферы гандлю, фінансаў, гасцінічнага бізнесу складаюць дамы. У медыцыне і адукацыі доля жанчын — да 80 працэнтаў. Дацэнт факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Алена ЯКІМОВІЧ адзначае, што гэта тэндэнцыя гендарнага падзелу рынку закладаецца яшчэ на этапе вышэйшай адукацыі:

У вядучых ВНУ на гуманітарных спецыяльнасцях, такіх, як педагогіка, дызайн, мытная справа, большасць студэнтаў — гэта дзяўчаты. Тую ж сітуацыю назіраем, напрыклад, на юрыдычным факультэце, факультэце міжнародных адносін. Адпаведна гэта тэндэнцыя адбіваецца і на працоўных сферах.

Што перашкаджае дзяўчатам засвойваць тэхнічныя профілі? Алена Якімовіч мяркуе, што справа ў стэрэатыпах.

— Стэрэатыпы ў грамадстве ўплываюць на моладзь вельмі моцна. Школа часткова таксама выхоўвае ў дзецях розныя якасці. Хлопцаў заклікаюць добра разбірацца ў тэхніцы і лічбах, а дзяўчатам паўтараюць, што яны павінны шыць і рабіць прыгожыя рэчы.

Выкладчыца ўніверсітэта дадае, што, магчыма, жанчыны больш арыентуюцца на «чыстую» працу.

Мяшаць бетон і будаваць дарогі беларускі ў большасці сваёй не гатовы.

Чаму жанчыны згаджаюцца на менш аплатныя вакансіі? Святлана Карасцялёва лічыць, што яны проста могуць сабе гэта дазволіць. Грамадства не патрабуе ад дам атрымліваць шмат грошай, таму, верагодна, прадстаўніцы прыгожага полу часцей выбіраюць працу па душы ці тую, дзе ім будзе лягчэй. Мужчыну ж традыцыйна прыпісваюць ролю карміцеля. Калі ён не зможа прыстойна зарабляць і забяспечваць сям’ю, будзе лічыць сябе непаўвартасным. Таму мужчыны больш арыентаваны на прыбытак.

Працаваць у сферу адукацыі жанчыны часам ідуць, каб быць побач са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Тут у іх ёсць магчымасць адначасова клапаціцца пра малых і рэалізоўваць сябе ў прафесіі. А ў сітуацыі з сацыяльнымі работнікамі дам сярод спецыялістаў хочуць бачыць самі кліенты. Паколькі большасць падапечных сацслужбаў — пенсіянеркі, ім камфортней, калі прыбірацца і весці задушэўныя размовы прыходзяць жанчыны.

 

Хто найлепшы кіраўнік?

У навучанні дзяўчаты больш паспяховыя за хлопцаў. Доля жанчын сярод выпускнікоў універсітэтаў — 61 працэнт. У працоўнай сферы тэндэнцыя ж іншая. Нягледзячы на большую адукаванасць, дамы радзей выбіваюцца на важныя пасады. У шэрагах высокапастаўленых чыноўнікаў, менеджараў і заканадаўцаў жанчын быццам бы і нямала — да 48 працэнтаў. Але калі казаць пра кіраўнікоў першага звяна, там доля прадстаўніц прыгожага полу значна меншая.

Можа, і самі жанчыны не ідуць вышэй, можа, ім цяжка, — спрабуе знайсці тлумачэнне такой сітуацыі Алена Якімовіч.

На думку Святланы Карасцялёвай, беларускі хочуць рабіць кар’еру не менш за мужчын. Але разумеюць, што, пакуль не вырашацца пытанні, звязаныя з дзецьмі, гэта будзе не вельмі зручна. Прасоўванне па службовай лесвіцы ва ўмовах, калі паралельна трэба знаходзіць час і на сям’ю, патрабуе ад жанчыны нашмат больш высілкаў, чым ад мужчыны. Зноў жа згадаем даследаванне Белстата. Згодна з ім, дамы штодзень трацяць на вядзенне хатняй гаспадаркі і догляд за дзецьмі амаль на дзве з паловай гадзіны больш, чым іх суайчыннікі.

Ды і сам дэкрэтны ў нейкім сэнсе выбівае жанчыну з працоўнай каляіны. Ідучы на тры гады ў водпуск, яна адстае ў кваліфікацыі і вопыце. Мужчына ж за гэты час засвойвае прафесію глыбей. Адпаведна, і заробак, і пасада, на якія ён зможа прэтэндаваць, будуць вышэйшымі.

У народзе прынята лічыць, што найлепшыя кіраўнікі — мужчыны.

Практыка ж паказвае, што на топавых пасадах, такіх як генеральны, камерцыйны дырэктар, дырэктар па персанале ці вытворчасці, аднолькава добра працуюць прадстаўнікі абодвух палоў.

Я нават сказала б, што жанчыны спраўляюцца лепей, — дзеліцца назіраннямі кіраўнік кансалтынгавай кампаніі. — Ім складаней трапіць на гэтыя пасады праз стэрэатыпнае мысленне працадаўцаў, таму даводзіцца прыкладаць больш высілкаў, каб утрымацца на высокіх месцах. А мужчына, мне здаецца, ведае, што, паколькі ён мужчына, то пры іншых роўных умовах яго выберуць з большай верагоднасцю, і не так напружваецца.

About Інна Пракапеня (21 Articles)
Інна Пракапеня вывучала беларускую мову і літаратуру ў Мінску і Варшаве. Цікавіцца палітыкай, сучаснай літаратурай і кулінарыяй. Мае намер працягнуць сваю кар'еру і галіне журналістыкі і новых медыя

Спадабалася? Пакінь каментар

Твой імейл не будзе апублікаваны


*


This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.