Адзенне ў стыле Business casual. Як разабрацца і не сесці ў лужыну?
Ёсць не так многа настолькі складаных і нават патэнцыйна небяспечных для Вашай рэпутацыі задач, як падбор адзення і аксэсуараў у стылі “business casual”.
Тым часам, як большасць кампаній даюць уласныя апісанні звыклым фармальным дрэс-кодам, не стамляючыся бясконца дадаваць усё новыя ўдакладненні, толькі адзінкавыя арганізацыі фармулююць правілы апранання ў стылі “casual”. Гэты чыннік стварае падставу для ўзнікнення ў людзей пытанняў кшталту: «А туфлі з адкрытым носам падыдуць ці так сабе?», «А якая даўжыня – ужо не даўжыня, а кароткасць? », «Ці можна мне хоць некалі надзець джынсы і, калі так, то з чым іх спалучыць? » …
«Праблема – першасная і вырашальная – заключаецца ў тым, што ніхто ніколі дэталёва не тлумачыць, што на самай справе пад сабой прадугледжвае “business casual”», – кажа Сільвія дзі Джуста, прафесійны імідж-кансультант, чалец Асацыяцыі імідж-кансультантаў, што базуецца ў Нью-Ёрку. “Звычайна людзі, пачуўшы слова “casual”, пачынаюць думаць: «Нарэшце я магу расслабіцца і не замарочвацца наконт знешняга выгляду». Але ж на справе рэакцыя мусіць быць цалкам супрацьлеглай».
Ніжэй прыведзеныя чатыры экспертныя лайфхакі, якія істотна спросцяць вам калі не жыццё, то прынамсі працэс падбору ўбрання для чарговага мерапрыемства ў стылі “business casual”.
- Здымайце, а не надзявайце.
«Найбольш распаўсюджаная памылка, якую дапускаюць дзелавыя людзі, – кажа Дзі Джуста: – яны апранаюцца і імкнуцца дамагчыся ад свайго выгляду нейкага працоўнага эфекту, чакаюць, што іх адзенне нейкім чынам пачне працаваць. Калі вы спрабуеце прымусіць гэта працаваць, вы апрыёры наштурхоўваеце сябе на памылку, – кажа яна. Замест гэтага вам належыць узяць свой улюбёны бізнес-гарнітур і падумаць: «Без чаго я магу абысціся сёння?». Напрыклад, апранаючы касцюм, прыбярыце гальштук. Тое, што засталося ад Вашага ўбрання – гарманічная пара “белая кашуля + класічныя туфлі” – ужо больш пасуе для дадзенага выпадку, чым тое, што было першапачаткова. Апроч таго, для мужчын цалкам нармалёва насіць джынсавыя рэчы, калі яны спалучаюцца з іх кашуляй ці спартовым пінжаком».
- Задайце сабе тры пытанні перад тым, як апранацца.
Ваш знешні выгляд – гэта не проста Ваш знешні выгляд: гэта спосаб прэзентаваць сябе і сваю кампанію перад важнымі дзелавымі партнёрамі.
Таму Сільвія дзі Джуста рэкамендуе: «Перад тым, як вырашаць, што апрануць, задайце сабе тры пытанні:
- Як вы жадаеце прадставіць сябе?
- Каго яшчэ вы мусіце прадставіць?
- Перад кім мусіце прадставіць?
Адказы на дадзеныя пытанні павінны дапамагчы вам вызначыць, ці з’яўляецца дапушчальным пэўны нефармальны элемент адзення, напрыклад, ваш улюбёны світшот. Вечарына ў кампаніі юрыстаў? Верагодна, не. Карпаратыў маладых праграмістаў? Тады магчыма».
- Усімі шляхамі пазбягайце залішняй разнастайнасці.
Хутчэй за ўсё, у працэсе выбару адзення вамі будзе кіраваць жаданне пазбягаць занадта крыклівых колераў і матэрыялаў. І што тычыцца макіяжу ці прычоскі, то там таксама дзейнічае заканамернасць: меней штучнасці – большы эфект.
«Жанчынам, – дадае Дзі Джуста, – даводзіцца цяжэй за мужчын, бо перад імі стаіць шырэйшы выбар: сукенкі, спадніцы, нават спартовыя касцюмы – усё гэта маецца ў такой вялікай колькасці, што можа пераўтварыць працэс апранання для працы ў суцэльную блытаніну.
Адпаведна, рызыка, што жанчыны могуць зрабіць не самы правільны выбар у гэтай шматстайнасці варыянтаў, значна вышэйшая. У пераканаўчага дэкальтэ ці кароткай спадніцы ёсць усе шансы як скласці спрыяльнае першае ўражанне пра Вас, так і сапсаваць яго».
У якасці парады Сільвія дзі Джуста прыводзіць карыснае правіла для вызначэння прыдатнай даўжыні спадніцы: «Выкарыстоўваючы вашыя вялікі і ўказальны палец, памерайце адлегласць ад калена ўверх па назе. Так, даўжыня, што пасуе для “business casual”, павінна дасягаць той кропкі, дзе ляжыць ваш вялікі палец».
- Майце справу толькі з высакаякаснымі тканінамі.
Незалежна ад таго, што вы ўрэшце вырашылі надзець, вам належыць пазбягаць сінтэтычных матэрыялаў.
«Галоўнае правіла ў выбары адзення – ніякага паліэстару», – кажа Дзі Джуста. «Вы павінны прадэманстраваць якасць у сваім выбары тканіны, а паліэстар выглядае танным … таму што ён напраўду танны».
Лепей аддайце перавагу баваўняным ці ваўняным матэрыялам.
Спадабалася? Пакінь каментар