Апошняе

Робім рамонт са спецыялістамі: нацягваем столь, вызначаемся ванна альбо душавая кабінка, дазнаёмся новае пра унітазы

Працягваем расказваць пра навінкі ў сферы рамонту, а таксама пра тое, як яго зрабіць правільна.

Рамонт – гэта заўсёды прыемныя клопаты: як зрабіць жыллё больш утульным, якія матэрыялы выбраць. Аднак гэта не толькі клопатна, але і пазнавальна. Аказваецца, што за час, пакуль вы жылі без рамонту, з’явіліся новыя матэрыялы, шпалеры, памяняліся нават унітазы і цвікі сталі іншымі.

 

Рамонту ў санвузле не трэба баяцца, галоўнае – пачаць

Калі вы пачынаеце рабіць рамонт у санвузле, пачніце не з выбару пліткі, мэблі для пакоя, а звярніцеся да спецыяліста. Ён падкажа, з чаго найлепш пачаць рамонт, дапаможа з выбарам матэрыялаў.

 

– Часта я сутыкаюся з тым, што людзі купілі мэблю для санвузла, падрыхтавалі матэрыялы, аднак пасля таго, як мяняецца сантэхніка, трубы, аказваецца, што не ўся мэбля змесціцца, – заўважае спецыяліст па сантэхніцы Дзмітры Падгорны. – Таксама большасць людзей дамаўляецца з рознымі спецыялістамі, каб пакласці плітку, замяніць трубы і іншае. Аднак замаўляць у розных спецыялістаў часам бывае нашмат даражэй, чым “рамонт пад ключ”. Бо калі нешта будзе працаваць не так, то цяжка знайсці ўсіх тых, хто займаўся рамонтам, тым больш цяжка прымусіць іх нешта перарабіць. Калі вы замаўляеце “рамонт пад ключ”, то выправіць недакладнасць значна прасцей.

 

Як адзначае спецыяліст, многія вельмі баяцца рамонту ў санвузле і адцягваюць яго. У многіх ён асацыюецца з некамфортнасцю: ні ў прыбіральню схадзіць, ні есці прыгатаваць, ні памыцца.

– На самой справе гэта не так і доўга, калі вы замаўляеце “рамонт пад ключ”, – адзначае Дзмітры Падгорны. – Да вас прыязджае не адзін спецыяліст, а некалькі, таму справа ідзе значна хутчэй.

Максімальны час, за які рамантуюць санвузел, – тры тыдні. Але часцей за ўсё справа ідзе хутчэй. Акрамя таго, на працягу ўсяго рамонту не прыйдзецца сядзець без вады і прыбіральні, бо гэты час патрэбны для тынковачна-плітачных работ, каб была вытрымана тэхналогія. Астатняе ў ваннай робяць хутчэй.

 

Рамонт у санвузле праходзіць у некалькі этапаў:

1. Дэмантаж старой сантэхнікі. Гэты этап займае каля аднаго дня.

2. Замена каналізацыйных і водаправодных труб. Расцэнкі за гэта бяруцца па “кропках”, напрыклад, зрабіць разводку пад сушылку для ручнікоў, унітаз, ракавіну, ванну. На гэта спатрэбіцца каля дня.

3. Выраўноўванне сцен і ўкладка пліткі (ад 6 да 14 дзён у залежнасці ад памеру санвузла і крывізны сцен).

4. Устаноўка сантэхнічных прыбораў (да двух дзён).

 

Замест пліткі ў санвузле можна скарыстаць дэкор-панэлі 3d.  Яны могуць імітаваць керамічную плітку, мармур, дрэва. У кожным камплекце ёсць інструкцыя па мантажы, таму ўстанавіць іх можна самім. Яны мантуюцца да двух дзён

 

– Гэта дазволіць зэканоміць сямейны бюджэт, – адзначае дырэктар інтэрнэт-магазіна “Буддом” Ігар Ржачыцкі. – Пакласці квадратны метр пліткі ў сярэднім каштуе каля 179 тысяч рублёў. За сярэдні пакой у 20 квадратаў прыйдзецца аддаць больш за тры з паловай мільёны рублёў. Гэта без уліку выраўноўвання сцен, калі дадаць і яго, то атрымаецца каля 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў.

 

Пасля ўстаноўкі панэляў не трэба рабіць генеральную ўборку. Гэта ідэальны варыянт для старых дамоў.

 

Выбіраем: душавая кабіна альбо ванна

 

 

Вялікім плюсам ванны з’яўляецца тое, што гэта ўніверсальны і надзейны сантэхпрыбор. Яго можна выкарыстоўваць і як ванну, і як душ, калі падвесіць дожджык вышэй. Мінус – гэта вялікі памер ванны, мінімальны памер паўтара метра.

 

Душавая кабінка

“+”

“–”

1. Кампактная. Гэта выдатнае рашэнне для маленькіх пакояў.

2. Стыльны дызайн.

3. Абсталяваная разнастайнай камплектацыяй (дожджыкі, масажоры, радыёпрыёмнік і многае іншае).

4. Меншы расход вады ў параўнанні з прыёмам ванны.

5. Герметычнасць (вада не трапляе на падлогу, дзякуючы створкам, якія герметычна зачыняюцца.

1. Вышэйшы кошт у параўнанні з цаной бюджэтнай ванны.

2. У большасці кітайскіх вытворцаў ненадзейныя кабіны.

 

Душавыя кабінкі ёсць розных вытворцаў, але пераважна яны кітайскія. Аднак і паміж двума кітайскімі вытворцамі ёсць розніца. Таму лепш, каб дапамагаў з выбарам спецыяліст.

– Толькі ён можа разабрацца ў нюансах, напрыклад, выбіраць душавую кабінку з нізкім ці высокім паддонам, бо ведае, як размяшчаецца сантэхніка ў кватэры, – заўважае Дзмітры Падгорны.

Тым, хто самастойна шукае душавую кабінку, мужчына раіць звярнуць увагу на мадэлі, якія можна ўстанавіць без выкарыстання сіліконавага герметыку альбо з мінімальным яго выкарыстаннем.

З часам сілікон губляе свае ўласцівасці, можа пажаўцець, пачарнець, па сценах і па сантэхніцы пайсці грыбок. Калі выкарыстоўвайце яго, то выбірайце толькі надзейнага вытворцы.

Выбіраем унітаз

Цяпер не толькі багаты выбар ваннаў, душавых кабінак, але нават унітазы адрозніваюцца адзін ад аднаго: і канструкцыяй, і выпускам вады, і сядзеннем.

Усё больш папулярнымі становяцца сядзенні з плаўным апусканнем накрыўкі, так званыя сістэмы “soft close” альбо “miсro lift”, – адзначае Дзмітры Падгорны. – Раней унітазы былі з рычагамі для змывання вады, цяпер у большасці гэта кнопкі. Пры гэтым яны могуць быць аднарэжымнымі, двухрэжымнымі (вада ў бачку можа злівацца не цалкам, а напалову), на некаторых кнопках можа быць “стоп-функцыя”, калі націскаеш адзін раз, то вада зліваецца, націскаеш яшчэ раз – зліў вады спыняецца. Функцыя зліўнога механізма служыць для эканоміі вады.

Спецыяліст раіць, каб у санвузле абавязкова была сістэма вентыляцыі, бо вільготнасць у гэтым пакоі вельмі высокая.

 

Выбіраеце змяшальнікі, звярніце ўвагу на вытворцу

– Найперш звярніце ўвагу на нямецкія і іспанскія змяшальнікі. Яны надзейныя, даўгавечныя, – раіць прадавец гандлёвага дома “Бярозакераміка-Вілія” Алена Шэпуціс. – У змяшальнікаў кітайскай фірмы “FRAP” выдатна распрацаваныя розныя варыянты дызайну, пераключальнікі. Вытворчасць гэтай фірмы наладжаная па нямецкіх тэхналогіях. Гэтыя змяшальнікі заваявалі пакупнікоў надзейнасцю – іх не вяртаюць людзі, бракаванай прадукцыі амаль няма. Змяшальнікі літоў­скай кампаніі “Рубінета” якасныя, аднак цана пужае пакупнікоў. А вось змяшальнікі беларускай вытворчасці пакупнікі бяруць неахвотна.

Змяшальнікі адрозніваюцца і па матэрыялах, з якіх зробленыя. Яны могуць быць храміраваныя, з латуні, саціну, бронзы. Пераважна пакупнікі выбіраюць сацінавыя, альбо чорныя ці белыя ў крапінку.

 

– Раней змяшальнікі ішлі з ручкамі, якія трэба было круціць, – заўважае спецыяліст. – Цяпер іх замянілі пад’ёмныя картрыджы. Гэта зручна, яны больш даўгавечныя. У некаторых змяшальніках для кухні ёсць асобная функцыя пераключэння на фільтраваную ваду. Некаторыя маюць душ-лейку, якая служыць для мыцця садавіны і гародніны.

Навінкі сантэхнікі – душавыя стойкі і трапічны душ

Душавая стойка прызначаная для таго, каб утрымліваць лейку для вады, што больш зручна для мыцця. Вам не трэба будзе трымаць лейку ў руцэ. Душавыя стойкі бываюць разнастайныя.

– Трапічны душ – гэта магчымасць пабыць у спа-салоне, не выходзячы з уласнай ванны, – расказвае Алена Шэпуціс. – Вада ў ім  ідзе не бесперапынным патокам, а кропелькамі. Гэта своеасаблівы масаж для цела, адчуванне, што вы знаходзіцеся пад дажджом. Пры гэтым дождж можна рэгуляваць – альбо лівень, альбо маленькі грыбны.

Адметнасць трапічнага душа – наяўнасць шырокай лейкі. Яе дыяметр можа дасягаць да 50 сантыметраў.

“Маладзечнагаз” нагадвае, што ў ванных пакоях і сунвузлах нельга ўстанаўліваць газавае абсталяванне. У топачных памяшканнях забаронена ставіць унітазы, душавыя кабіны і іншае сантэхнічнае абсталяванне.

 

 Перш чым рабіць нацяжную столь, паглядзіце, як яна выглядае

 

– Часам сутыкаюся з тым, што людзі замаўляюць нацяжную столь, аднак не ведаюць, якая яна на самой справе, – гаворыць Аляксей Малько. – Таму варта альбо паглядзець работы спецыялістаў, альбо схадзіць да знаёмых, у якіх ёсць такая столь.

Спецыяліст заўважае, што столь можна нацягваць у любым пакоі, нават у неацепленым.

Найбольш папулярныя фактуры: матавая, сацінавая і глянцавая. Першая падыдзе для любога інтэр’еру і дакладна перадасць любы выбраны вамі колер.

Падобнымі з’яўляюцца і сацінавыя столі, аднак іх фактура дадае лёгкі водбліск свету. Першыя дзве фактуры лепш нацягваць у спальнях.

Глянцавая столь візуальна павялічвае памяшканне, дадае  пакою люстраны адбітак. Таму з пункту гледжання дызайну яны будуць больш цікавымі. Гэта выдатны варыянт для залы, калідора, сунвузла.

Калі ў санвузле глянцавая столь цёмнага колеру, то на ёй будуць бачныя кропелькі высахлай вады. Мыць яе прыйдзецца часцей. На светлай столі кропелькі будуць нябачнымі.

Узроўневыя столі модныя, але не кожнаму па кашальку

Сярэдняя цана нацяжной столі за квадратны метр – 178 тысяч рублёў (10 долараў).

– Навінкі  каштуюць значна даражэй, пачынаючы ад 356 тысяч рублёў за квадратны метр (30 долараў), – адзначае спецыяліст. – Моднымі з’яўляюцца столі двухузроўневыя, з фотадрукам, 3Д, аднак не кожнаму яны па кашальку.

Асноўныя вытворцы – Кітай, Германія, Францыя і Расія.

 

– Нягледзячы на разнастайнасць краін-вытворцаў, большасць нацяжных столяў кітайскія. Аднак баяцца гэтага не трэба, цана столяў кітайскай вытворчасці даступная, а якасць прыстойная, – адзначае Аляксей Малько.

Спецыяліст раіць не выкарыстоўваць столі насычаных колераў, напрыклад, цёмна-чырвонага, – спачатку яны падабаюцца, аднак з часам надакучваюць, “прыціскаюць” чалавека. На столі цёмнага колеру пыл больш бачны.

– Пасля таго, як вам нацягнулі столь, некаторы час у пакоі будзе трымацца пах, – адзначае спецыяліст, які нацягвае столі. –  Гэта звязана з тым, што падчас устаноўкі выкарыстоўваецца газавая пушка, таму ў паветры застаюцца прадукты гарэння. Раней пах трымаўся ледзьве не тыдзень, цяпер матэрыялы больш сучасныя, таму выветрываецца за дзень.

Мінусам нацяжных столяў з’яўляецца тое, што вострым прадметам іх можна праткнуць. Трэба быць асцярожнымі і калі клеіце шпалеры.

Калі парэз ад сцяны не больш за 30 сантыметраў, то столь можна адрамантаваць. Калі ў цэнтры, то будзе цяжэй. Аднак выйсце ёсць, кажа спецыяліст. Можна, напрыклад, на месца парэзу пакласці латку альбо павесіць свяцільню.

Мыць нацяжную столь лепш спіртазмяшчальнымі сродкамі, напрыклад, для мыцця вокнаў, тканіну лепш узяць мяккую, каб не падрапаць.

 

Наколькі даўгавечнай з’яўляецца нацяжная столь?

– Вытворца дае гарантыю ад 10 да 25 гадоў на тое, што столь не зменіць колер. Аднак дакладна сказаць пра даўгавечнасць нельга, бо такія столі адносна нядаўна з’явіліся на рынку, каля дзесяці гадоў, – заўважае Аляксей Малько.

About Інна Пракапеня (21 Articles)
Інна Пракапеня вывучала беларускую мову і літаратуру ў Мінску і Варшаве. Цікавіцца палітыкай, сучаснай літаратурай і кулінарыяй. Мае намер працягнуць сваю кар'еру і галіне журналістыкі і новых медыя

Спадабалася? Пакінь каментар

Твой імейл не будзе апублікаваны


*


This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.