«Бітва палоў» вяртаецца: Сабаленка і Кірьёс сустрэнуцца ў гістарычным тэнісным паядынку

Арганізатары абяцаяюць ня толькі цікавае відовішча, але і спецыяльныя ўмовы, каб параўнаць ўмовы для абедзвую “зорных” гульцоў

Упершыню за 33 гады ў тэніс вяртаецца фармат, які выклікае шмат спрэчак і цікавасці — «Бітва палоў». 28 снежня на арэне Coca-Cola ў Дубаі адбудзецца выставачны матч паміж першай ракеткай свету сярод жанчын Арынай Сабаленкай і былым 13-м нумарам мужчынскага рэйтынгу Нікам Кірьёсам.

Хоць некаторыя ставяць пад сумнеў спартыўную каштоўнасць такога паядынку, цікавасць да прамога супрацьстаяння паміж мужчынам і жанчынай застаецца высокай. Упершыню падобны матч адбыўся ў 1973 годзе, калі Білі Джын Кінг перамагла Бобі Рыгса перад 30 000 гледачамі ў Х’юстане.

Кірьёсу 30 гадоў, і ён сам прызнае, што ўжо не ў лепшай форме. Пасля фіналу Уімблдона ў 2022 годзе ён змагаецца з траўмай запясця і ў гэтым сезоне згуляў толькі пяць матчаў. Ён нават намякнуў, што Australian Open у студзені можа стаць яго апошнім турнірам.

Матч з Сабаленкай стане фінансава выгадным для абодвух спартсменаў, хоць сума ганарараў не раскрываецца. Ініцыятыва належыць агенту Ст’юарту Дугіду, які прадстаўляе абодвух гульцоў у агенцтве Evolve.

«Калі цябе выклікае першая ракетка свету — ты прымаеш выклік», — сказаў Кірьёс. «Я вельмі паважаю Арыну — яна моцная і сапраўдная чэмпіёнка. Але я ніколі не адступаю».

Біялагічныя адрозненні паміж мужчынскім і жаночым тэнісам застаюцца значнымі — у сіле, хуткасці і вытрымцы. Самая хуткая падача ў мужчын — 253 км/г (Джон Існер), у жанчын — 211 км/г (Сабіна Лісіцкі).

У мінулых «Бітвах палоў» выкарыстоўваліся спецыяльныя правілы. Напрыклад, у 1992 годзе Джымі Конарс (40 гадоў) перамог Мартыну Навратілову (35 гадоў), маючы права на адну падачу, а Навратілова гуляла на пашыраным корце.

У 1998 годзе падчас Australian Open нямецкі тэнісіст Карстэн Брааш згуляў трэніровачныя сэты супраць сясцёр Уільямс, якія сцвярджалі, што могуць перамагчы любога мужчыну з-за межаў топ-200. Брааш, які займаў 203-е месца, перамог Серэну 6:1 і Венус 6:2.

У матчы ў Дубаі абодва гульцы будуць абмежаваныя адной падачай за розыгрыш, каб «нейтралізаваць магутнасць Кірьёса». Памер корта на баку Сабаленкі будзе паменшаны на 9%, бо жанчыны, паводле даследаванняў, рухаюцца ў сярэднім на 9% павольней. Матч будзе складацца з двух сэтаў і тай-брэйка да 10 ачкоў у выпадку нічыі.

Кірьёс упэўнены ў сваёй перамозе. У верасні ў падкасце «Tea with Bublik» ён заявіў: «Яна мяне не пераможа. Думаеш, мне трэба выкладвацца на 100%? Я выкладуся, бо прадстаўляю мужчынскі бок. Думаю, выйграю 6:2».

Ён таксама адзначыў: «Нашы падачы — жанчыны не могуць іх вярнуць. А далей — скідкі і свечкі».

Некаторыя выказваюць занепакоенасць, што лёгкая перамога Кірьёса можа нанесці шкоду рэпутацыі жаночага тэнісу. Але Сабаленка настроена рашуча: на US Open яе сярэдняя хуткасць форхэнда склала 129 км/г — больш, чым у Алькараса, Сінера і Джоковіча.

«Я сапраўды веру, што перамогу», — сказала яна ў верасні. «Зраблю ўсё, каб надраць яму зад».

About Інна Пракапеня (22 Articles)
Інна Пракапеня вывучала беларускую мову і літаратуру ў Мінску Цікавіцца навукай, сучаснай літаратурай і кулінарыяй. Мае намер працягнуць сваю кар'еру і галіне журналістыкі і новых медыя

Спадабалася? Пакінь каментар

Твой імейл не будзе апублікаваны


*


This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.