Апошняе

«Мы — гурт з народа»: гісторыя жыцця Naviband

Здаецца, іх любяць усе. Ці не ўпершыню прадстаўнікі Беларусі на «Еўрабачанні» ў саміх беларусаў выклікаюць столькі станоўчых эмоцый. Кампліменты Арцёму Лук’яненку і Ксеніі Жук ужо выказаў шмат хто з айчынных музыкантаў, у тым ліку Сяргей Міхалок і Алег Хаменка.

Naviband

Naviband — першыя, хто павёз на «Еўрабачанне» песню на беларускай мове. Ксенія і Арцём працуюць разам з 2013 года і ўжо выпусцілі тры альбомы. Якім быў іх шлях?

 

Ад Navi да Naviband

Першую песню «Абдымі мяне» яны запісалі як гурт Navi, выступаючы пад гэтай назвай некаторы год.

Але пасля стала вядома, што такую ж назву мае і адна з каманд па кіберспорце ва Украіне, таму неўзабаве дуэт перайменаваўся ў Naviband. Сёння гэта сапраўдны музычны бэнд, у які акрамя салістаў уваходзяць яшчэ чатыры музыканты.

Да таго, як Арцём і Ксенія пачалі выступаць разам, кожны з іх шукаў сябе ў музыцы асобна. Арцём скончыў Інстытут журналістыкі БДУ і, працуючы на радыё, пісаў песні. Ксенія вучылася ў музычным каледжы і паралельна спявала ў рок-гурце Sonika.

Дарэчы, менавіта голас Ксеніі гучыць у саўндтрэку да фільма «Вышэй за неба», які выйшаў ў 2012 годзе.

Ксенія:  У праект Sonika я трапіла ў 15 гадоў. Мы ігралі канцэрты на гадзіну-паўтары. На той час для мяне гэта быў велізарны вопыт. Але аднойчы чалавек, які пісаў песні, сказаў мне: усё, Ксенія, да пабачэння…
Так я стала сольнай выканаўцай, а пасля сустрэла Арцёма.

Арцём:  Калі шчыра, я не ўспрымаў той гурт (усміхаецца — заўв. аўт.). Гэта быў такі закос пад Аўрыл Лавінь — рок па-англійску. Падабалася хіба адна якая песня. Я проста лічыў, што Ксюша ў тым складзе ненатуральная. А для мяне істотна, каб чалавек быў шчыры ў справе, якую робіць.

Ксенія:  Арцём мае рацыю. Гэта быў няпросты час. Кожны дзень мне казалі, як сябе паводзіць. Магчыма, таму ўсё так хутка і абрыдла, і я больш не магла спяваць у тым гурце. Зараз, дзякуючы Арцёму, я магу спяваць так, як калісьці марыла.

Арцём:   Вельмі важна адчуць сябе. Не спрабаваць кагосьці скапіраваць, а быць сабой. Ёсць шмат песень, якім я не веру, а ёсць песні, пра якія думаю: вось гэта чалавек, вось дзе свабода і моц.

 

Матыў песні для «Еўрабачання» …прыйшоў у сне

У гэта цяжка паверыць, але мелодыю і прыпеў знакамітага «хэй-хэй» Арцём Лук’яненка …сасніў.

Naviband

«У мяне ёсць такая прывычка — заўсёды трымаць пры сабе дыктафон. Радкі могуць прыйсці нечакана. Крыху мелодыі і прыпеву мне сапраўды прыснілася. Я прачнуўся, праспяваў кавалак і зноў заснуў», — прыгадвае спявак.

Салісты прызнаюцца, што «Гісторыя майго жыцця» была запісана амаль адразу — з першай спробы.

«За дзень я напісаў тэкст, прынёс на рэпетыцыю. І хлопцы сказалі: “Ну ўсё, цяпер у вас ёсць песня для “Еўрабачання”. Верагодна, так і нараджаюцца песні, якія могуць зачапіць людзей», — кажа Арцём Лук’яненка.

Натхненнем для песні стала паездка ў Берлін на фестываль Lalapalooza, дзе Арцём і Ксенія правялі амаль тыдзень.

«Мы зазірнулі ў сапраўды вялікі 100-тысячны фэст з вялікімі зоркамі кшталту Radiohead, Keiser Chiefs, Kings of Leon і былі ўражаныя еўрапейскай моладдзю, яе адкрытасцю і шчырасцю. Дадому я вяртаўся з неверагодным натхненнем!»

Арцёму належыць аўтарства большасці песень калектыва, некаторыя творы піша Ксенія.

 

Дуэт з Грышкаўцом і перапіска з Джыліян Андэрсан

У творчым багажы Naviband — дзясяткі песень і кавер-версій на творы іншых артыстаў. А перад «Еўрабачаннем» Арцём і Ксенія адмыслова пачалі запісваць найбольш знакамітыя песні іншых краін — Нарвегіі, Арменіі, Нідэрландаў, Грэцыі…

Іх кавер-версію на «1944» украінкі Джамалы за чатыры дні паглядзела больш за 14 тысяч чалавек.

Любоў да музычных эксперыментаў у Naviband з юнацтва. Арцём іграў песні «Кіно» і «ДДТ», а Ксенія, будучы сямікласніцай, перамагла ў конкурсе турэцкай песні на міжнароднай алімпіядзе, апярэдзіўшы канкурсантаў з 84 краін…

Naviband выступалі на разагрэве ў Сяргея Бабкіна, юбілейным канцэрце Дзіяны Арбенінай, запісалі сумесную песню з гуртом «Палац» і расійскім драматургам Яўгенам Грышкаўцом…

Вось як узгадвае сваю сустрэчу з гуртом сам пісьменнік:

«Я ўбачыў іх у Гомелі ў адным невялікім бары. Яны спявалі па-беларуску і па-руску. Гэта было настолькі неверагодна, што я забыўся, дзе знаходжуся — было ўражанне вялікага канцэрта». Пазней драматург запісаў з Арцёмам і Ксеніяй сумесную песню «Калыханка».

Не многія прыхільнікі гурта ведаюць, што ў 14 гадоў Ксенія пазнаёмілася з актрысай Джыліян Андэрсан, вядомай па ролі Скаллі у «Сакрэтных матэрыялах».

«Гэта здарылася на фестывалі Giffoni Film у Італіі, — расказвае Ксенія. — Я тады сказала Джыліян, што спяваю. А праз два месяцы са мной звязаліся яе агенты з просьбай пераслаць музычны матэрыял. Але матэрыял тады быў сыры, таму нічога не атрымалася».

 

На «Еўрабачанне» з другой спробы

Пасля перамогі ў беларускім адборы на «Еўрабачанне» Naviband атрымаў пераходны прыз пераможцы — статуэтку ў выглядзе шклянога сэрца ў колерах дзяржаўнага сцяга. Але ў выніку прыз…пабіўся.

Naviband

«Мы не засмучаемся, што разбілі хрустальнае сэрца, — гэта на шчасце», — адзначаюць артысты.

На «Еўрабачанне» яны трапілі з другой спробы, але рады, што ўсё склалася менавіта так.

Ксенія:  У мінулым годзе мы яшчэ не былі гатовыя да «Еўрабачання». Нават добра, напэўна, што тады не паехалі. За гэты час мы шмат чаму навучыліся.

Арцём:  Жыццё змяняецца і можна сказаць — на вачах. Пасля «Еўрабачання» ў нас будзе шмат працы і пакуль мы хочам выкарыстаць момант конкурсу, наколькі гэта магчыма. Але хочацца, каб гісторыя нашага гурта працягвалася і не абмяжоўвалася толькі конкурсным выступленнем.

Прыходзяць новыя ідэі, мы з гуртом ужо вырашылі, што ў ліпені на тыдзень-другі з’едзем на хутар, як мага далей ад цывілізацыі, і збяром усе ідэі разам, зробім аранжыроўкі. Будзем пісаць новы альбом.

Ксенія:  Для нас галоўнае — застацца самімі сабой. Ужо чатыры гады, як гурт існуе, і ў нас ёсць свой вобраз. Мы вельмі хацелі б трымацца яго і надалей.

Мы спяваем па-беларуску не для таго, каб проста спяваць на мове. Для нас важна праз свае песні расказваць іншым пра Беларусь і беларусаў: глядзіце — мы такія ёсць: усмешлівыя і пазітыўныя.

 

«Журналісты найчасцей пытаюць пра мову»

У шматлікіх інтэрв’ю Арцём і Ксенія прызнаюцца, што сваю місію бачаць у папулярызацыі беларускай культуры праз музыку і мову.

«Спяваць па-беларуску для нас важна, таму што гэта наша культура і наша мова. Мы хочам паказаць, што мова жывая і павінна жыць далей. Песня на мове на “Еўрабачанні” — гэта вялікая місія для нас», — дадаюць артысты.

Ксенія:  Першыя пытанні асабліва ад замежных журналістаў — пра беларускую мову. Я гатова бясконца распавядаць пра тое, як гэта важна для нас. Мы — як гурт з народа. Звычайныя хлопец і дзяўчына, любім сваю справу — гэта і прыносіць, як мне здаецца, задавальненне людзям.

 

Падрыхтаваў Ілья Лапато

Naviband

Спадабалася? Пакінь каментар

Твой імейл не будзе апублікаваны


*


This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.